У Чэхіі завялі крымінальныя справы на лідараў ЧССР
Чэшскія праваахоўныя органы пачалі крымінальны пераслед былога генеральнага сакратара Камуністычнай партыі Чэхаславакіі Мілаша Якеша, былога прэм'ер-міністра сацыялістычнай рэспублікі Любаміра Штроугала, а таксама былога міністра ўнутраных спраў Враціслава Вайнера, піша rbc.ru са спасылкай на «Чэшскае радыё».
Ім ставяць у віну злоўжыванне паўнамоцтвамі. Па версіі абвінавачвання, з-за бяздзейнасці трох чыноўнікаў, ад сакавіка 1976 года да канца 1989 года дзевяць чалавек, якія спрабавалі перайсці чэхаславацкую мяжу, былі застрэленыя і, па меншай меры, яшчэ сем чалавек параненыя.
«Яны былі ў курсе таго, што на дзяржаўнай мяжы ЧССР вайскоўцы і памежнікі выкарыстоўваюць агнястрэльную зброю супраць асоб, якія спрабуюць незаконна пакінуць Чэхаславацкую сацыялістычную рэспубліку. Лідары ЧССР не прынялі ніякіх мер, якія б прадухілілі выкарыстанне агнястрэльнай зброі», — заявіў прадстаўнік пракуратуры.
Крымінальны перасьлед стаў магчымым дзякуючы нядаўна знойдзеным архіўным матэрыялам. Усе трое мужчын застаюцца на свабодзе. Калі віну дакажуць, ім пагражае ад двух да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.