Жыхар Віцебска ў свой дзень народзінаў скраў з салона муляж тэлефона
Пра выпадак паведамляе абласная міліцыя.
Мужчына пайшоў у салон сувязі, дзе адкрыта скраў выставачны муляж тэлефона коштам усяго восем рублёў.
Камера відэаназірання зафіксавала, як падазраваны зайшоў у памяшканне і пачаў разглядаць гаджэты. У нейкі момант ён схапіў першы тэлефон, які патрапіў пад руку, і паспяшаўся збегчы з месца злачынства.
Прадаўцы салона выклікалі міліцыю. Тады ж і высветлілася, што здабычай зламысніка стаў не новенькі гаджэт, а яго муляж. Неўзабаве супрацоўнікам крымінальнага вышуку стала вядомая і асоба мужчыны. Спрабуючы сысці ад адказнасці, ён некалькі дзён жыў на здымнай кватэры. І нягледзячы на ўсе спробы схавацца ад праваахоўнікаў, быў затрыманы.