Мінюст зарэгістраваў Цэнтр чарнобыльскіх ініцыятыў
Міністэрства юстыцыі Беларусі зарэгістравала Цэнтар чарнобыльскіх ініцыятыў. Пра гэта «Свабодзе» паведаміў член‑карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Іван Нікітчанка.
Ён сказаў, што такое рашэньне стала для яго поўнай нечаканасьцю. Справа ў тым, што на мінулым тыдні Вярхоўны суд Беларусі з просьбы Міністэрства юстыцыі вырашыў правесьці графічную экспэртызу подпісаў некалькіх удзельнікаў устаноўчай канфэрэнцыі. Але раптам міністэрства ўласна адмовілася ад гэтага свайго патрабаваньня і зарэгістравала арганізацыю.
Устаноўчая канфэрэнцыя прайшла амаль год таму. І тое, што чарнобыльскі Цэнтар зарэгістравалі толькі цяпер, яго заснавальнікі зьвязваюць зь ціскам Эўразьвязу на беларускія ўлады.
Спадар Нікітчанка сказаў, што цяпер ён і ягоныя калегі найперш вырашаць арганізацыйныя пытаньні:
«А наступнае, што трэба рабіць, наладзіць кантакты з усімі арганізацыямі, якія займаюцца Чарнобылем. Тут не мае значэньня — урадавыя яны ці няўрадавыя. Чарнобыльская праблема гэта не тая, дзе можна варагаваць, казаць: вось тут апазыцыя, а вось тут урад. Трэба рабіць усё разам, паколькі радыяцыя не выбірае, чыноўнік ты ці апазыцыянэр. Яна не пытаецца: хто — дзе?».