БЕЛ Ł РУС

Таму што ў нас шмат дрэваў і травы

16.03.2009 / 16:43

Іван Кавяра, Баранавічы

Па канале «Лад» на Дзень канстытуцыі паказалі праграму пра асновы беларускай незалежнасці й дзяржаўнасці.

Па канале «Лад» на Дзень канстытуцыі паказваюць праграму пра асновы беларускай незалежнасці й дзяржаўнасці. Словы пра шматвяковую беларускую гісторыю і традыцыі пераплеценыя з кадрамі са школьнага ўроку, дзе дзецям тлумачаць сутнасць сцяга і герба. Кажуць, што сімвалы з’явіліся даўно, калі нашы продкі адбіваліся ад ворагаў, якія перашкаджалі шчасліва працаваць.

У гэты час ў кадры паказваюць малюнак вершнікаў на канях, на дзідах якіх прымацаваны сцяжкі з зубром… Пасля дзіцячая рука малюе каравыя сімвалы РБ.

Пасля словаў пра векавыя традыцыі распавядаюць, што па ўваходжанні Беларусі ў СССР у 1922 годзе паўстала патрэба стварэння дзяржаўных сімвалаў. Не дужа ж пільна было ім, калі толькі ў 1927 годзе герб нарэшце распрацавалі. І чамусьці амаль не розніўся ён ад РСФСРаўскага. Бальшавіцкія пачаткі нашага сцяга таксама яскрава паказаныя – узнагароджанне зялёнай стужкай у 50‑я.

Пра Пагоню і бел‑чырвона‑белы сцяг не згадалі ані слаўцом. «Пасля кароткага перыяду нестабільнасці грамадзяне рэспублікі на рэферэндуме…»

У тым кіно настаўніца спытала ў дзяцей, чаму мы маем такі сцяг. Шасцігодкі патлумачылі тым, што ў нас шмат дрэваў і травы. Што думаюць яны пра чырвоны колер, не паказалі, а ў кадры з’явіўся афіцэр, які пачаў распавядаць пра граніцу нашай краіны…

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула