БЕЛ Ł РУС

З'явілася дэталізаваная здымка Мінска з вышыні — у тым ліку Дразды і двор КДБ

5.03.2020 / 08:10

Nashaniva.com

На замову Дзяржаўнага камітэта па маёмасці ў верасні 2019 года зрабілі ортафотаздымку Мінска і прылеглых тэрыторый. Дэталізацыя высокая: на гэтых кадрах разгледзець аб'екты зверху можна лепш, чым на здымках для іншых мапаў, зробленых са спадарожніка, піша tut.by.

Агульная плошча знятых для ортафотамозаікі тэрыторый — каля тысячы квадратных кіламетраў. Якасць здымкаў — 15 сантыметраў у адным пікселі. Здымку вялі для стварэння зямельна-інфармацыйнай сістэмы (ЗІС) Мінска.

Цэнтр і некалькі «засакрэчаных» будынкаў

На мапе ёсць некалькі заблюраных месцаў: так, закрылі будынкі Міністэрства абароны ў цэнтры горада, СІЗА № 1 («Валадарка») у Пішчалаўскім замку, Палац незалежнасці. У гэтым спісе і пляцоўка за Палацам Рэспублікі — будынак упраўлення вайсковай контрвыведкі знаходзіцца побач з кавярнямі і барамі на вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Заблюраны будынак упраўлення вайсковай контрвыведкі на Інтэрнацыянальнай і будынак Мінабароны на праспекце Незалежнасці

Палац незалежнасці на мапах таксама разгледзець нельга

Але ёсць і незаблюраныя цікавыя аб'екты. На праспекце Незалежнасці — на шчасце, недасяжны для большасці дворык КДБ. На здымку бачна, што там прыпаркаваны у тым ліку буйныя аўто.

Двор КДБ

У цэнтры ёсць яшчэ адзін схаваны ад старонніх вачэй двор — на Карла Маркса, 38, пры Адміністрацыі прэзідэнта. Яго ўпрыгожвае толькі яркая клумба.

Двор Адміністрацыі прэзідэнта

Трактарны завод і авіяцыя

Тэрыторыі Трактарнага завода падобныя зверху на поле тэтрыса: бачныя цэхі і тэхніка.

А вось на полі Акадэміі авіяцыі ў Чыжоўцы бачная невялікая экспазіцыя самалётаў. Можна разгледзець нават, якім авіякампаніям яны належалі.

На тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта таксама можна знайсці вядомыя самалёты. Напрыклад, белы самалёт у левым куце выдаюць колер сцяга на хвасце і чырвоныя элементы на крылах — вельмі нагадвае стары прэзідэнцкі «боінг».

Дразды і рэзідэнцыя прэзідэнта ў Заслаўі

Адна з рэзідэнцый прэзідэнта ў Мінску заблюраная, але рэзідэнцыі прэзідэнта ў Драздах і Заслаўі яшчэ даступныя для прагляду з мапаў.

Так, у Драздах, акрамя спартыўных і верталётнай пляцовак, можна разгледзець і добраўпарадкаванне. Каля дома нешта падобнае да фантана, а побач з іншым участкам ёсць нават дзіцячая пляцоўка.

Больш кампактнай выглядае тэрыторыя ў Заслаўі. Заўважылі, што з ранейшага месца знікла альтанка, падораная прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым. Яна знаходзілася каля збудавання, падобнага да басейна.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула