Украіна перадала спіс з 200 чалавек на апошні абмен на Данбасе, патрабуе выдаць целы мёртвых
Прадстаўнікі Украіны перадалі на сустрэчы трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе краіны спіс асобаў для будучага абмену палоннымі, у ім значацца больш за дзвесце чалавек. Пра гэта ў эфіры Тэлерадыёкампаніі Турцыі распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фрагменты інтэрв'ю выкладзеныя на яго афіцыйным сайце. Раней былы міністр замежных спраў Украіны Вадзім Прыстайка анансаваў, што гэта будзе апошні абмен у фармаце «ўсіх на ўсіх», піша Радыё Свабода.
Па словах Зяленскага, частка людзей са спісу ўжо мёртвыя. «Мы даведаліся імёны гэтых людзей, дзе яны знаходзяцца. Мы не ведаем, калі і з якіх рэгіёнаў мы вернем гэтых людзей, але мы, безумоўна, хочам гэтага. Некаторых катавалі, мы не ведаем, хто там ёсць. Але, на жаль, ведаем, што зможам вярнуць толькі целы некаторых з гэтых людзей», — сказаў ён.