БЕЛ Ł РУС

Вакцыну супраць каранавіруса выпрабоўваюць на людзях у ЗША

17.03.2020 / 7:57

Nashaniva.com

Першую вакцыну супраць каранавіруса пратэсціравалі ў ЗША ў панядзелак, 16 сакавіка, піша bbc.com.

Яе ўвялі 45 здаровым добраахвотнікам у навукова-даследчым цэнтры Kaiser Permanente ў Сіэтле.

Гэта першы тэст на чалавеку, падчас якога, каб паскорыць працэс, абмінулі звычайную ў такіх выпрабаваннях стадыю — праверку, што вакцына можа выклікаць імунную рэакцыю ў жывёл.

У той жа час біятэхналагічная кампанія Moderna Therapeutics, якая распрацавала вакцыну, сцвярджае, што працэс вытворчасці вакцыны быў выпрабаваны і правераны.

«Гэтая вакцына выкарыстоўвае даступныя тэхналогіі. Яна была выраблена па самых высокіх стандартах, выкарыстоўваючы бяспечныя для чалавека элементы. За тымі, хто ўдзельнічае ў выпрабаванні, будуць вельмі ўважліва назіраць», — кажа доктар Джон Трэгонінг, эксперт па інфекцыйных захворваннях з Імперскага каледжа ў Лондане.

Тыповыя супрацьвірусныя вакцыны — напрыклад, супраць адзёру — вырабляюцца з аслабленага альбо знішчанага віруса.

Але вакцына мРНК-1273 не была зробленая з віруса, які выклікае Covid-19.

Замест гэтага яна змяшчае кароткі сегмент генетычнага кода, скапіяванага з віруса, які навукоўцы змаглі ўзнавіць у лабараторыі.

Навукоўцы спадзяюцца, што гэта дапаможа імуннай сістэме арганізма змагацца з рэальнай інфекцыяй.

Валанцёры атрымаюць розныя дозы эксперыментальнай вакцыны праз дзве ін'екцыі з інтэрвалам 28 дзён у перадплечча.

Але нават калі гэтыя першапачатковыя выпрабаванні пройдуць добра, можа спатрэбіцца да 18 месяцаў, каб патэнцыяльная вакцына стала даступнай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула