БЕЛ Ł РУС

У Польшчы крыху паслабілі каранцінныя меры. Будуць глядзець, ці падзейнічае

20.04.2020 / 10:47

Nashaniva.com

У Польшчы пачаўся першы этап зняцця абмежаванняў, выкліканых эпідэміяй каранавіруса. Так, з панядзелка, 20 красавіка, павялічваецца колькасць наведвальнікаў у крамах плошчай да 100 м² (з 3-х да 4-х чалавек на адну касу), паведамляе Радыё Польшча.

У крамах плошчай ад 100 м² будзе дзейнічаць абмежаванне 1 чалавек на 15 м². Той жа прынцып будзе дзейнічаць і ў цэрквах. На пахаванні змогуць прысутнічаць не больш за 50 чалавек.

У рамках першага этапу зняцця абмежаванняў таксама аднаўляецца доступ да паркаў і лясоў. Адзначаецца, што ў лясах можна будзе перамяшчацца, не засланяючы рот і нос, як таго патрабуюць новыя правілы, уведзеныя 16 красавіка.

Раней ва ўрадзе Польшчы падкрэслілі, што зняцце абмежаванняў будзе адбывацца паэтапна, з улікам таго, як гэта будзе ўплываць на крывую росту захворванняў каранавірусам.

Учора, 19 красавіка, віцэ-прэм'ер Польшчы Ядвіга Эмілевіч адзначыла, што Міністэрства аховы здароўя ацэніць наступствы першага этапу змякчэння абмежаванняў ўжо ў гэтую пятніцу.

«Калі крывая росту захворванняў не будзе павышацца занадта імкліва, мы зможам абвясціць наступны этап, хутчэй за ўсё, ужо праз тыдзень», — сказала віцэ-прэм'ер і міністр развіцця Польшчы Ядвіга Эмілевіч.

Па паведамленнях ўрада, другі этап зняцця абмежаванняў у сувязі з эпідэміяй каранавіруса будзе прадугледжваць адкрыццё гатэляў, будаўнічых супермаркетаў у выходныя, а таксама бібліятэк, музеяў і іншых культурных прастор.

Польшча ўвяла строгі каранцін у сярэдзіне сакавіка. У краіне 9287 выпадкаў каранавіруса, 360 чалавек памерлі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула