У Казахстане вырашылі насіць маскі да канца года
Улады Казахстана вырашылі падоўжыць масачны рэжым да канца 2020 года. Пра гэта паведаміла галоўны санітарны ўрач рэспублікі Айжан Есмагамбетава, перадае NUR.KZ.
Есмагамбетава заявіла, што грамадзянам трэба прывыкнуць да існавання каранавіруса і навучыцца жыць з ім. «Мы будзем жыць з каранавірусам заўсёды, ён стане сезонным захворваннем», — папярэдзіла спецыяліст. Таму ў Казахстане да канца 2020 года прадпрыемствы і аб'екты павінны будуць пастаянна праводзіць дэзынфекцыю, выконваць масачны рэжым і дыстанцыяванне нават пасля зняцця каранціну.
Разам з тым з панядзелка ў краіне пачнуць працаваць цырульні, абменнікі і стаматалогіі.
У Казахстане выяўлена 3105 выпадкаў каранавіруса, памерлі 25 чалавек.