БЕЛ Ł РУС

У Сібіры больш не холадна. Як тэмпература ў Арктыцы б'е рэкорды

8.07.2020 / 08:30

Nashaniva.com

Цёплая сярэднямесячная тэмпература ў Паўночнай Сібіры дасягнула рэкордных паказчыкаў у чэрвені 2020 года, а ў некаторых раёнах яна перавысіла сярэднія паказчыкі на 10 градусаў Цэльсія, піша bbc.com.

Паводле навукоўцаў, такое цёплае надвор'е пагоршыла сітуацыю з ляснымі пажарамі ў Сібіры, з-за чаго ў атмасферу трапіла беспрэцэдэнтная колькасць вуглякіслага газу — 59 млн тон.

Летняя спякота — не рэдкасць за Палярным колам, але ў апошнія месяцы тэмпературы былі анамальна высокія.

Паводле навукоўцаў, Арктыка з прычыны глабальных змяненняў клімату награваецца ўдвая хутчэй, чым астатні свет.

І праз гэта чалавецтву варта хвалявацца, папярэджвае Карла Буантэмпа, дырэктар Еўрапейскай Службы даследавання змяненняў клімату імя Каперніка.

Як кажуць навукоўцы, у чэрвені ў Сібіры тэмпература ў цэлым была на 5 градусаў Цэльсія вышэйшая, чым зафіксаваныя раней сярэднія паказчыкі. Гэта больш, чым на градус вышэй у параўнанні з папярэднімі «самымі гарачымі» чэрвенямі — у 2018 і 2019 гадах.

20 чэрвеня ў Верхаянску, адным з самых паўночных гарадоў Якуціі, тэмпература дасягнула 38 градусаў Цэльсія — гэта на 18 градусаў вышэй за сярэднямесячны максімум чэрвеня (зрэшты, гэты рэкорд усё яшчэ правяраюць).

У маі ў Сібіры таксама быў зафіксаваны месячны тэмпературны рэкорд у іншым населеным пункце за Палярным колам — у вёсцы Хатанага тэмпература паднялася да 25 градусаў Цэльсія.

Па стане на пачатак ліпеня ў Сібіры афіцыйна было зафіксавана 246 пажараў на тэрыторыі ў 1,4 тыс. квадратных кіламетраў.

Усё гэта звязана паміж сабой, тлумачыць вядучы навуковец цэнтра Каперніка Марк Парынгтон.

«Высокія тэмпературы і сушэйшая паверхня ствараюць ідэальныя ўмовы для таго, каб узнікалі гэтыя пажары, якія працягваюць гарэць на такіх значных тэрыторыях», — распавёў даследчык агенцтву Reuters.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула