БЕЛ Ł РУС

27 красавіка адбудзецца сустрэча Лукашэнкі з Папам Рымскім

17.04.2009 / 15:43

Зміцер Панкавец

Пра гэта сёння паведаміў міністр замежных справаў Італіі Франка Фраціні, паведамляе Reuters Italia.

Лукашэнка прыбудзе ў Рым для сустрэчы з кіраўніком Каталіцкай Царквы, а таксама для перамоваў з міністрам замежных справаў Італіі. Ці атрымаецца лідэру Беларусі сустрэцца з прэм’ер‑міністрам Сільвіё Берлусконі, яшчэ невядома. На сённяшні момант такога пункту ў праграме не значыцца, аднак магчымыя іншыя варыянты.

У Ватыкане пацвердзілі, што сустрэча пантыфіка з Аляксандрам Лукашэнкам, найхутчэй, адбудзецца 27 красавіка.

Фраціні таксама выказаўся за ўдзел Лукашэнкі ў саміце «Ўсходняга партнёрства» ў Празе. «Кожная краіна павінна сама вырашаць узровень свайго ўдзелу ў саміце. Я не думаю, што гэта павінен вырашаць Еўрасаюз», — зазначыў Фраціні.

Па каментар адносна паездкі Лукашэнкі ў Рым мы звярнуліся ў прэс‑службы нунцыятуры Святога Прастолу і кіраўніка дзяржавы.

І там, і там карэспандэнту «Нашай Нівы» паведамілі, што не валодаюць такой інфармацыі.

Гэта будзе першая паездка Лукашэнкі ў краіну Еўрасаюзу пасля кастрычніцкага зняцця візавых санкцый. Апошні ж афіцыйны візіт беларускага кіраўніка ў межы Еўрасаюзу адбываўся ў 1995 годзе ў Францыю. Яшчэ некалькі разоў ён знаходзіўся з прыватнымі візітамі на гарналыжных курортах Аўстрыі і Славеніі.

Нагадаем, што на мінулым тыдні Лукашэнка сустракаўся ў Маскве з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам, а ў аўторак у Мінску з архібіскупам Мінска‑Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам. Менавіта на гэтых сустрэчах і маглі абмяркоўвацца дэталі візіту Лукашэнкі ў Ватыкан.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула