БЕЛ Ł РУС

Андрэй Курэйчык: Беларусы, вы хоць зразумелі, што адбылося?!

19.08.2020 / 07:20

Nashaniva.com

Сёння чытаў шмат сумных пастоў. Дэпрэсія… Сіл няма… Эмацыйны спад… Яшчэ 31 ліпеня мы лічылі вялікім геройствам 30 секунд песні «Перамен» Цоя, якую вырубіў кіраўнік раёна, а хлопцаў тут жа забралі «ціхары». А сёння «Перамен» даносіцца з кожнай машыны, кожнага двара, на кожнай цэнтральнай плошчы беларускіх гарадоў.

Яшчэ 2 тыдні таму намеснік начальніка РАУС асабіста прыязджаў з вышкай і здымаў сцяг з балкона, пагражаючы штрафам. Сёння сцягі Беларусі лунаюць над замкамі, музеямі, плошчамі, тырчаць з кожнай трэцяй машыны і з імі людзі гуляюць па гарадах! І міліцыянты радасна ківаюць людзям з нацыянальнай сімволікай. І гэта за 14 дзён!

Яшчэ 2 месяцы таму пратэстоўцы супраць акумулятарнга завода ў Брэсце стаялі па стойцы «смірна» перад Лукашэнкам, слухаючы ягоныя ганарыстыя павучанні «не можа быць у прэзідэнта 3%». А сёння працоўныя МЗКЦ ў твар яму скандуюць «Сыходзь»!

Я памятаю, як першы 10-тысячны мітынг на Бангалор, на які прасілі не прыносіць бел-чырвона-белыя сцягі, успрымаўся як неверагоднае дасягненне. А цяпер паўмільёна ў Мінску і сотні тысяч па рэгіёнах, стачкі на сотнях прадпрыемстваў, аблога тэлеканалаў — і народ пачынае кісла мямліць «нешта яны зліваюць пратэст». Гэта ў вас такая кароткая памяць?

Яшчэ два тыдні таму за падыход да адміністрацыі вас хапалі на раз. Цяпер тысячы людзей скандуюць «Ганьба» ля Купалаўскага тэатра за 50 метрах ад адміністрацыі Лукашэнкі без усялякіх дазволаў ад «Зелянбуда» і міліцыі! Народ адмяніў паняцце «несанкцыянаваны мітынг».

Народ адмяніў паняцце «несанкцыянаваная сімволіка». Адмяніў паняцце піетэту перад чыноўнікамі. І гэта за 2 тыдні!

Цана гэтага, вядома, вялікая. Загінуўшы. Сотні збітых і траўмаваных. 7000 затрыманых. Гэта мы не забудзем і не даруем.

Але прастора свабоды было пашырана неверагодна. Немагчыма. Фантастычна. Беларусы — мы неверагодныя! Гэта наша краіна. Гэта нашы гарады. Гэта нашы вуліцы. Гэта наша прастора свабоды! І мы яе больш не аддамо зараз ніколі!

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула