Аляксей Навальны атручаны, ён у коме
Прэс-сакратар Аляксея Навальнага Кіра Ярмыш паведаміла, што самы папулярны расійскі апазіцыянер — у коме.
Пра гэта яна напісала ў сваім твітары. Паводле яе, у антыкарупцыйнага блогера дыягнаставалі таксічнае атручэнне падчас пералёту з Томска ў Маскву.
Ярмыш кажа, што Аляксея атруцілі чымсьці, падмяшаным у чай. Гэта адзінае, што ён піў з раніцы.
Навальны — у цяжкім стане і падключаны да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх.
У інтэрнэце апублікаваныя страшныя відэа, як Навальнаму стала кепска ў самалёце.
Інфармацыю пра кому пацвердзіла і доктар Навальнага Анастасія Васільева з «Альянсу дактароў».
«Я зараз лячу ў Омск, папярэдніх заключэнняў рабіць ніякіх не магу. Цяпер ён у коме на ШВЛ. Пагаварыць з доктарам мне не даюць, але ў Аляксея ніколі не было ні на што алергіі. Але калі ёсць зрачковая рэакцыя, то гэта ўжо добра, звычайна пры атручванні бутыратам ёсць мідрыаз (пашырэнне зрэнак). Я спрабую праз Кіру дазнавацца па крупінках падрабязнасці, але, відавочна, на падставе гэтага высноў рабіць нельга», — сказала Васільева.