«Я працую не на тое, каб атрымаць пахвалу ад улады»
Аляксандр Мілінкевіч пракаментаваў пасаж Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандар Мілінкевіч, камэнтуючы заяву А. Лукашэнкі на ягоны адрас, зазначыў «Свабодзе», што ён сапраўды не падпісаў адзін з дакумэнтаў апазыцыі, таму што ў яго былі прынцыповыя пярэчаньні:
«Гэты дакумэнт абмяркоўваўся, але ў ім былі ацэнкі, зь якімі я катэгарычна ня згодзен. Яны не адпавядаюць рэчаіснасьці. Я лічу, што вельмі важна, каб мы, калі мы змагаемся за свабоду і праўду, пісалі праўду ў сваіх лістах, а ня толькі выказвалі свае эмоцыі. Такі ліст у такім зьмесьце падпісаны сапраўды ня мог быць».
А.Мілінкевіч зьдзіўляецца, адкуль Лукашэнку стала вядома пра гэты факт, а пахвала ад Лукашэнкі яму неістотная. Асабліва на фоне таго, што ён абазваў ўсю апазыцыю ворагамі народу:
«Я не лічу, што ўвогуле сярод апазыцыі ворагі народу. Ёсьць розныя пазыцыі. Шчыра скажу, што я працую не на тое, каб атрымаць пахвалу ад улады, ад спадара Лукашэнкі.Шчыра веру ў тое, што гэта карысна для Беларусі, хацеў бы каб мяне пахваліў беларускі народ, каб падтрымаў маю пазыцыю. У ягоных вачах хацеў бы мець аўтарытэт».