БЕЛ Ł РУС

«Крумкачы» пералічаць выручку ад білетаў сённяшняга матча з «Дынама» пацярпелым ад гвалту суайчыннікам

1.09.2020 / 09:10

Nashaniva.com

Крумкачы

Сёння «Крумкачы» згуляюць матч Кубка Беларусі па футболе супраць мінскага «Дынама». Гульня пройдзе на поле комплекса «Алімпійскі», што па адрасе Сурганава, 2а, і пачнецца а 16:00. Матч пройдзе з гледачамі. Калі не адменяць, вядома.

Нагадаем, што ў нядзелю Беларусь абляцела жудасная гісторыя затрымання двух гульцоў «Крумкачоў» Сяргея Казекі і Паўла Расколькі ў цэнтры горада падчас акцыі пратэсту. Яны былі збітыя і затрыманыя. Толькі шырокі розгалас і абурэнне дазволілі вызваліць хлопцаў, у другой палове дня панядзелка яны выйшлі на волю, а крымінальная справа ў дачыненні да іх спынена.

Клуб сустрэўся з неверагоднай хваляй салідарнасці, атрымаўшы вялікую колькасць цёплых слоў і прапаноў дапамогі.

«Гэты факт яшчэ раз пацвярджае, які ж цудоўны і дружны беларускі народ! Толькі дзякуючы вам каманда ўпэўнена выйдзе на поле змагацца да апошняй хвіліны матча, нягледзячы на сур’ёзныя перашкоды, — гаворыцца ў заяве «Крумкачоў». — Мы чакаем усіх, хто мае жаданне пазаўзець за нашых хлопцаў і наблізіць каманду да мары. Давайце запоўнім трыбуны «Алімпійскага» і пакажам, якую падтрымку мае самая народная каманда краіны! Але гэта яшчэ не ўсё.

Сродкі ад продажу квіткоў на матч «Крумкачы» — «Дынама-Мінск» мы адправім на дапамогу пацярпелым ад гвалту суайчыннікам. Такім чынам, наведваючы матч, вы зробіце адразу дзве вельмі добрыя справы! Мы вас вельмі любім і чакаем на стадыёне!»

Нагадаем, што «Крумкачы» раней выступілі супраць гвалту, выйшаўшы на адзін з матчаў у майках «Мы — з народам». Федэрацыя футбола дала клубу за гэта папярэджанне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула