У Польшчы пракуратура пачала расследаванне па фактах катаванняў і збіцця беларускімі сілавікамі польскіх грамадзян
У Польшчы пракуратура пачала расследаванне па факце арышту, збіцця і катаванняў трох палякаў у Беларусі. Іх затрымалі ў Мінску 9 жніўня. Пра гэта паведамляе RMF24.
— Расследаванне тычыцца, у прыватнасці, незаконных затрыманняў, збіванняў і катаванняў, якія ўжываюцца АМАПам і іншымі беларускімі праваахоўнымі органамі, — піша выданне.
Паведамляецца, што, вярнуўшыся з Беларусі, гэтыя мужчыны прайшлі дэталёвае абследаванне, судова-медыцынскую экспертызу і іх траўмы былі пацверджаныя заключэннем эксперта.
Імёны двух з іх — Вітольд Дабравольскі і Каспер Сяніцкі, асоба трэцяга не выдаецца. Іх затрымалі 9 жніўня, па словах Дабравольскага, неўзабаве пасля выхаду з рэстарана. Пасля вяртання на радзіму хлопцы распавялі, як іх збівалі пры затрыманні. Першыя 15 гадзін іх трымалі ў нейкім памяшканні, падобным на спартзалу, з трыма сотнямі іншых затрыманых, дзе таксама білі і пагражалі расправай. Затым іх перавезлі ў СІЗА Жодзіна.
Палякі былі вызваленыя 13 жніўня, пра што паведаміў у сваім Twitter намеснік міністра замежных спраў гэтай краіны Марцін Пшыдач.