У Мінску зноў прайшла гіганцкая дэманстрацыя. Людзі процістаялі вадамётам
асноўнае за 4 кастрычніка
Больш за 100 тысяч чалавек узялі ўдзел у Маршы за вызваленне палітвязняў у Мінску. Дэманстрантаў было больш, чым на мінулых выхадных.
Акрамя галоўнай 100-тысячнай калоны, частка якой пайшла да Акрэсціна, а іншая — да Малінаўкі…
…другая шматтысячная калона сабралася з людзей, якіх рассеялі на праспекце Пераможцаў каля 15:30. Гэтая прайшла па Нямізе, Цэткін, Кальварыйскай, пасля чаго лукашэнкаўцы разагналі яе вадамётамі каля Кальварыі.
Жыхары Мінска актыўна процідзейнічалі вадамётам.
Затрыманых сёння было менш, чым 4 мінулыя нядзелі. Тым не менш, у спісах затрыманых па краіне ўжо больш за 211 чалавек.
Разрастаецца вайна між Азербайджанам і армянамі. Армяне сёння нанеслі ракетныя ўдары па гарадах Гянджа і Мінгечавір далёка за лініяй фронту. А Азербайджан абвясціў пра вызваленне горада Джэбраіл — упершыню занятая не вёска, а горад на тэрыторыі Карабаха.
З іншых навін: чарговая вялікая аварыя на мінскім водаправодзе, ужо 4-я за гэты год. Сёння без вады застаўся Фрунзенскі раён. Пітную ваду на Захад і Каменную Горку падвозілі цыстэрнамі.