Канада замовіла вакцыны ў чатыры разы болей, чым насельніцтва краіны
Канада лідзіруе сярод краін свету па колькасці замоўленай вакцыны ад каранавіруса. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на звесткі ўласнага трэкера паставак вакцыны, заснаванага на адкрытых звестках.
У Канады маюцца дамоўленасці на пастаўкі вакцыны для прышчэпкі 153,9 мільёна чалавек (410% насельніцтва краіны). На другім месцы па колькасці замоўленай вакцыны Вялікабрытанія (можа прышчапіць 295% свайго насельніцтва). На трэцім — Аўстралія (можа прышчапіць 269% насельніцтва).
Усе краіны ЕС, у тым ліку суседзі Беларусі, замовілі паводле Bloomberg, вакцыны на 185-186% насельніцтва.
У Канадзе будуць выкарыстоўваць вакцыны розных вытворцаў, у прыватнасці, ад кампаній Moderna і Pfizer / BioNTech. Вакцынацыя можа пачацца ўжо на наступным тыдні, заявіў 7 снежня прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо.
Паводле звестак Bloomberg, у Расіі ёсць дамоўленасці на пастаўкі вакцыны для прышчэпкі 80 мільёнаў чалавек (55% насельніцтва краіны). Па Беларусі звестак пакуль няма.