БЕЛ Ł РУС

Джулі Фішэр прыведзеная да прысягі ў якасці пасла ЗША ў Беларусі

24.12.2020 / 08:23

Nashaniva.com

Дзярждэпартамент паведаміў у сераду, што дыпламат Джулі Фішэр была прыведзеная да прысягі ў якасці амерыканскага пасла ў Беларусі, піша ТАСС.

Аднак да канца не ясна, калі дыпламат можа адправіцца ў Мінск.

«Прызначаны пасол Джулі Фішэр была сёння прыведзеная да прысягі ў якасці нашага галоўнага дыпламата ў Беларусі. Яна прыўносіць багацце ведаў і досвед у працу. Рады таму, што яна будзе прадстаўляць жыццёва важныя інтарэсы ЗША за мяжой», - напісаў у Twitter намеснік кіраўніка прэс-службы Дзярждэпартамента Кейл Браўн. 

У пачатку лістапада намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Джордж Кент заявіў журналістам, што канчатковага рашэння аб адпраўцы пасла ЗША ў Мінск няма, пытанне будзе разгледжанае пасля зацвярджэння Сенатам кандыдатуры Фішэр.

Пры гэтым у сярэдзіне верасня першы намеснік дзяржсакратара Стывен Бігэн адзначаў, што ЗША не плануюць адмаўляцца ад адпраўкі свайго новага пасла ў Беларусь, нягледзячы на рэзкую крытыку Вашынгтона ў дачыненні да Мінска і патрабаванне правядзення новых выбараў у краіне.

Раней Фішэр займала пасаду намесніка пастаяннага прадстаўніка ЗША пры НАТА, часовага паверанага ў справах ЗША ў Расіі, а таксама працавала ў амерыканскіх пасольствах у Грузіі і Украіне.

У ліпені Аляксандр Лукашэнка прызначыў паслом Беларусі ў ЗША намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула