БЕЛ Ł РУС

Колькі даюць за тое, што сп'яну застрэліш сябра на нелегальным паляванні? 2,5 года хатняй хіміі

5.02.2021 / 16:52

Nashaniva.com

Беларускія суды працягваюць жорстка караць пратэстоўцаў. Надпіс на асфальце? Два гады калоніі. Стукнуў па машыне ДАІ? Тры гады калоніі. Кінуў кветкі ў АМАП? Чатыры гады ўзмоцненага рэжыму. Складваецца ўражанне, што на выракі па палітычных справах не ўплываюць ні прызанне віны, ні наяўнасць дзяцей, ні якія іншыя абставіны. Але ж тым часам у краіне праходзяць і іншыя судовыя працэсы. Напрыклад, суд Міёрскага раёна агучыў прысуд мясцоваму жыхару, які сп’яну застрэліў на паляванні свайго знаёмага.

Усё адбылося яшчэ ў чэрвені. «Абвінавачаны Ж.», як яго называюць у паведамленні суда, быў п’яны «падчас правядзення незаконнага палявання». Пры сабе меў незарэгістраваную стрэльбу.

«У нейкі момант 42-гадовы мужчына заўважыў рух у кустах і, палічыўшы, што гэта жывёла, стрэліў», — паведамлялі следчыя. 

Аказалася, што ў кустах быў той самы знаёмы. Паранены памёр на месцы.

На судзе Ж. прызнаў віну. Абцяжарваючымі абставінамі прызналі тое, што ён быў на паляванні п’яны, а «абставінамі, якія змякчаюць адказнасць абвінавачанага, прызнаныя чыстасардэчнае раскаянне і наяўнасць на ўтрыманні дваіх малалетніх дзяцей».

Прысуд — 2 гады і 6 месяцаў хатняй хіміі за прычыненне смерці па неасцярожнасці. Ну і на 5 гадоў мужчыну забаронена паляваць.

А што, не на асфальце ж маляваў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула