БЕЛ Ł РУС

Сход ледавіка ў Індыі: 125 чалавек прапалі без вестак

8.02.2021 / 08:13

Nashaniva.com

Ледавік, які сышоў з Гімалаяў, разбурыў плаціну і выклікаў паводку ў штаце Утаракханд на поўначы Індыі.

Хоць вёскі ў затопленай даліне былі эвакуяваныя, месцазнаходжанне як мінімум 125 чалавек невядомае. Ратавальнікі ўжо выявілі целы сямі загінулых, піша ВВС.

У выратавальных работах удзельнічаюць сотні людзей, у тым ліку падраздзяленні паліцыі, арміі і вайсковыя верталёты.

Ледавік сышоў з гары Нандадэві, другой па вышыні вяршыні Індыі, якая ўваходзіць у горную сістэмы Гімалаяў.

Спусціўшыся па горных рэках, ён ударыў па плацінах двух гідраэлектрастанцый, што будуюцца. Адна з плацін разбураная.

Большасць зніклых — занятыя на гэтых будоўлях рабочыя.

Катастрофа адбылася ў аддаленым раёне, таму пакуль няма пэўнага адказу, што выклікала сход ледавіка.

Эксперты мяркуюць, што адной з прычын таго, што вялікія кавалкі лёду адламаліся ад масіву, можа быць пацяпленне і выкліканыя ім ападкі. Гэта магло выклікаць сход лавін з камянямі і брудам.

Эксперты таксама мяркуюць, што лавіна магла сысці на ледавіковае возера, калі такое было на яе шляху, і яно выйшла з берагоў.

Іншая версія — лавіна або апоўзень маглі сыходзіць у раку на працягу нейкага часу, пакуль яна не выйшла з берагоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула