Жыхару Полацкага раёна далі 7 сутак арышту: яго дом пафарбаваны ў бел-чырвона-белы колер і бачны з чыгункі
Жыхара Полацкага раёна з вёскі Алешча Анатоля Каханчыка асудзілі на 7 сутак арышту: мужчына пафарбаваў свой прыватны дом у колеры бел-чырвона-белага сцяга, піша Tut.by.
Фота Мікалая Шараха
Анатоля затрымалі ўвечары 9 лютага, на яго склалі пратакол па артыкуле 23.34 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) — за тое, што частка яго дома пафарбаваная ў колеры нацыянальнага сцяга.
Мужчына знаходзіўся ў ІЧУ. 11 лютага суддзя Полацкага раёна і Полацка Уладзімір Бясецкі асудзіў Каханчыка на 7 сутак арышту.
Анатоль Каханчык працуе на чыгунцы і жыве каля яе. Яго дом з бел-чырвона-белым колерам добра бачны пасажырам цягнікоў, якія праязджаюць міма.
Станцыя Алешча знаходзіцца за 30 км ад Полацка.