БЕЛ Ł РУС

Вядучага «Беларусь 4» змясцілі ў СІЗА ў Брэсце

30.03.2021 / 19:53

ЗП

Гаворка пра 25-гадовага Канстанціна Свідуновіча. Ён вядучы перадачы «Ранішняя эспрэса» тэлерадыёкампаніі «Брэст».

Гэта рэгіянальны аналаг «Добрай раніцы, Беларусь!». У Брэсцкай вобласці ТРК «Брэст» вяшчае на кнопцы тэлеканала «Беларусь 4».

Канстанцін Свідуновіч. Скрыншот з ютуба

Верагодна, што Свідуновіча затрымалі яшчэ 24 сакавіка (у гэты дзень ён апошні раз быў у эфіры). Цяпер ён змешчаны ў СІЗА, хутчэй за ўсё, хлопец праходзіць па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), пра гэта паведаміла журналістка Аксана Бровач.

У чым менавіта абвінавачаюць Свідуновіча? Удзел у карагодзе, які адбыўся ў Брэсце 13 верасня 2020 года на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Па гэтай справе ўжо былі асуджаныя некалькі дзясяткаў жыхароў Брэста і вобласці.

Канстанцін Свідуновіч родам з Пружанаў. Спачатку вучыўся ў МДЛУ, а потым на журфаку БДУ. «НН» датэлефанавалася да бацькі хлопца. Спадар Юрый заявіў, што нічога не ведае пра затрыманне сына.

«Некалькі дзён не размаўлялі», — сказаў бацька.

Пасля гэтага мужчына абяцаў даведацца падрабязнасці, але чамусьці так і не знайшоў часу патэлефанаваць ні сыну, ні ягонай дзяўчыне.

Мама Канстанціна, Галіна Свідуновіч, дастаткова вядомая ў Пружанах асоба, яна рэдактарка газеты райвыканкама «Раённыя будні».

Літаральна 30 сакавіка ў сваёй калонцы Свідуновіч бэсціць тэлеграм-каналы, якія засумняваліся ў наладках падачы кіслароду ў Пружанскай ЦРБ.

У самога Канстанціна паўсюль закрытыя сацыяльныя сеткі, аднак можна ўбачыць, што на аватарцы ў інстаграме ў яго стаіць «Пагоня», а ў фэйсбуку ён посціў выяву бел-чырвона-белага сцяга.

Дзяўчына Свідуновіча Хрысціна адмовілася ад каментароў. «Мы не хочам пагоршыць сітуацыю», — адказала дзяўчына.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула