БЕЛ Ł РУС

Разгромлена і абкрадзена кватэра дырэктаркі «Белсата»

16.06.2009 / 09:28

Nashaniva.com

А.Рамашэўская не выключае, што ў пранікненні ў кватэру замяшаныя беларускія спецслужбы.

У Варшаве разгромлена і абкрадзена кватэра дырэктара тэлеканала «Белсат» Агнешкі Рамашэўскай.

«Пазаўчора [14 чэрвеня] Агнешка з мужам вярнулася з водпуску і засталі ў кватэры разгром, — паведаміў БелаПАН кіраўнік службы інфармацыі «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі.

— Усё было перакулена: паліцы, шафы. Ва унітазе ляжалі нейкія дакументы. У кватэры нельга было нават пераначаваць».

Паводле слоў А.Дзікавіцкага, замок быў ускрыты адмычкай, у кватэры адсутнічаюць адбіткі пальцаў, з каштоўных рэчаў зніклі толькі тры залатыя ланцужкі і некалькі сярэбраных пярсцёнкаў. «Апрача таго, майка, якая вісела ў шафе з надпісам на англійскай мове аб небяспецы журналісцкай прафесіі, была раскладзена на крэсле. Усё гэта дае падставы сцвярджаць, што ў кватэры пабывалі не зусім звычайныя злодзеі. Паліцэйскія заявілі, што працавалі прафесіяналы», — сказаў супрацоўнік «Белсата».

Сама А.Рамашэўская не выключае, што ў пранікненні ў кватэру замяшаныя беларускія спецслужбы.

«Гэта вельмі непрыемнае пачуццё, нібыта табе кажуць: «Бачым цябе, сочым за табою, можам увайсці ў тваю кватэру». Магчыма, разлічвалі на эфект запалохвання, бо няма доказаў, што гэта было проста ўварванне з крадзяжом», — цытуе дырэктара «Белсата» сайт канала.

БелаПАН

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула