ЕС будзе прымаць турыстаў, прышчэпленых прэпаратамі, ухваленымі еўрапейскім рэгулятарам
Усе краіны Еўрасаюза будуць прымаць турыстаў, вакцынаваных ад каранавіруса прэпаратамі, якія прайшлі сертыфікацыю Еўрапейскага агенцтва лекавых сродкаў (EMA). Пра гэта заявіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у інтэрв'ю газеце The New York Times, піша ТАСС.
«Цалкам ясна адно: усе 27 краін, якія ўваходзяць у ЕС, будуць безумоўна прымаць усіх, хто вакцынаваны прэпаратамі, ухваленымі Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў», — сказала яна.
Прадстаўніца ЕС дадала, што тэрміны аднаўлення падарожжаў пакуль яшчэ залежаць ад эпідэміялагічнай сітуацыі. Фон дэр Ляен не ўдакладніла, якой будзе палітыка Еўрасаюза ў дачыненні да падарожнікаў, прышчэпленых іншымі вакцынамі.
Пакуль EMA ўхваліла для вакцынацыі ад каранавіруса чатыры вакцыны: амерыкана-германскага кансорцыуму Pfizer і BioNTech, амерыканскай кампаніі Moderna, брытанска-шведскай AstraZeneca і амерыканскай кампаніі Johnson & Johnson. Расійская вакцына «Спутнік V» знаходзіцца ў працэсе вывучэння еўрапейскім рэгулятарам.