БЕЛ Ł РУС

У цэнтры Мінска напалі на адміністрацыйны будынак касцёла

20.05.2021 / 07:32

Nashaniva.com

Ноччу з 18 на 19 мая невядомыя пашкодзілі маёмасць прыходу кафедральнага касцёла Панны Марыі і яго пробашча Антонія Клімантовіча.

Пра гэта Tut.by распавялі ў прэс-службе каталіцкага касцёла Беларусі.

— А 4-й раніцы серады (учора) невядомыя людзі залезлі на тэрыторыю за катэдральным касцёлам. Павыварочвалі кветкі, зламалі дамафон на дзвярах парафіяльнага дома, пашкодзілі ліхтар на газоне і разбілі лабавое шкло ў машыне пробашча, — пералічыў пашкоджанні прэс-сакратар каталіцкай царквы ў Беларусі Юрый Санько.

Сляды нападу былі і ля ўваходу ў дыяцэзіяльны дом.

— На жаль, з нашых ніхто не чуў, як гэта адбывалася, — выклікалі міліцыю пазней. Адтуль прыехалі, правялі следчыя працэдуры. Па інфармацыі касцёла, з камер відэаназірання (непадалёку знаходзіцца будынак ГУБАЗіКа) запыталі запісы.

Суразмоўца назваў выпадак нетрывіяльным.

— Падобных выпадкаў у нас не было нават у 1990-я. Мы ведаем, што кафедральны сабор быў домам спорту, тады былі супрацьстаянні паміж спартоўцамі, якія не хацелі сыходзіць, і прыхаджанамі, але каб псаванне маёмасці і ў такіх памерах… Замена лабавога шкла ў аўтамабілі з устаноўкай — гэта 600 рублёў. Спадзяёмся, што ў сітуацыі будуць разбірацца і інфармацыя будзе прадастаўлена.

Каталіцкія актывісты таксама адзначаюць, што машына Антонія Клімантовіча падобная на машыну біскупа Юрыя Касабуцкага, які вечарам у аўторак у сваім фэйсбуку заклікаў маліцца за пераследаваных, асабліва за Tut.by. Заклік біскупа шырока разышоўся ў інтэрнэце.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула