Кіраўнік СААЗ абвясціў пра пачатак трэцяй хвалі пандэміі
Свет знаходзіцца на ранніх стадыях трэцяй хвалі каранавіруснай інфекцыі, заявіў гендырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Тэдрас Аданам Гебрэісус.
Паводле яго звестак, колькасць новых выпадкаў COVID-19 ва ўсім свеце расце чацвёрты тыдзень запар, а таксама пасля 10 тыдняў зніжэння зноў стала павялічвацца колькасць смерцяў ад віруса.
«Варыянт дэльта прысутнічае цяпер у 111 краінах, і мы чакаем, што неўзабаве ён стане дамінуючым штамам ва ўсім свеце, калі яшчэ не стаў», — сказаў кіраўнік СААЗ.
Гебрэісус таксама паскардзіўся на «шакуючую дыспрапорцыю ў глабальным размеркаванні вакцын», з-за чаго большая частка насельніцтва свету застаецца ўразлівай да інфекцыі.
«Я заклікаў да масавай вакцынацыі як мінімум 10% насельніцтва кожнай краіны да верасня, як мінімум 40% да канца гэтага года і як мінімум 70% да сярэдзіны наступнага года. Для дасягнення гэтых мэтаў нам трэба 11 мільярдаў доз вакцыны», — паведаміў кіраўнік СААЗ.