БЕЛ Ł РУС

Дзяржсакратар Рады Бяспекі: Забараніць прылятаць у Беларусь мігрантам не можам, у нас свабодная краіна

5.08.2021 / 08:57

Nashaniva.com

«Так, мы фіксуем сёння павелічэнне патоку нелегальнай міграцыі на заходнім кірунку. Але хіба гэта навіна для еўрапейскіх краін?» На думку дзяржсакратара Рады бяспекі Аляксандра Вальфовіча, суседнім краінам трэба шукаць глыбінныя прычыны міграцыі, а не папракаць у гэтым Беларусь. Пра гэта ён заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1», піша Zerkalo.io.

«Многія краіны жывуць турызмам, чаму Беларусі не развіваць турызм? Ну не хочуць лётаць еўрапейцы да нас — будуць лётаць іншыя. Мы пашыраем палёты турыстаў і разглядаем розныя авіяперавозкі з краінамі Блізкага Усходу, павялічваем плынь рэйсаў з Ірака, КНР, іншых рэгіёнаў — Афрыкі, Сярэдняй Азіі, павялічваем пералёты з Расійскай Федэрацыі, і людзі едуць у Беларусь», — заявіў Вальфовіч.

На думку дзяржсакратара Рады бяспекі, у Беларусі ёсць што паглядзець. Да таго ж у краіне шмат розных гасцініц, гасцінічных комплексаў, розных месцаў для адпачынку.

«Але гасцініцы пабудаваныя, яны пустуюць, значыць, будзем развіваць іншы від бізнэсу. Гасцінічны бізнэс не павінен стаяць: сёння гасцініцы ў Беларусі запоўненыя. Па маіх даных, сёння на тэрыторыі краіны знаходзяцца больш за шэсць тысяч турыстаў, і паток іх павялічваецца. Вядома ж, у тым ліку ёсць і турысты з краін Блізкага Усходу. Што ў галаве ў кожнага з іх, ну цяжка сказаць. На тэрыторыі Беларусі яны паводзяць сябе вельмі мірна, годна, прылятаюць усе з турыстычнымі візамі, таму забараніць мы ім не можам: у нас свабодная краіна, — сказаў Вальфовіч. — Але калі хтосьці з іх раптам захацеў нелегальна пакінуць краіну [Беларусь] і апынуцца ў Еўропе, параўнаць, як жа добра жывецца ў Еўропе, і працаваць у Еўропе — ну мы ж не можам улезці кожнаму ў галаву і забараніць».

Паводле яго слоў, Беларусь гэтаму не садзейнічае і спыняе падобныя моманты.

«Факты кажуць самі за сябе — толькі за гэты год беларускімі памежнікамі спынена больш за 10 каналаў нелегальнай міграцыі, затрыманыя больш за два дзясяткі памагатых і арганізатараў», — дадаў Вальфовіч.

Нагадаем, з пачатку года на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя 4090 нелегальных мігрантаў. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.

У канцы мая, выступаючы ў парламенце, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь «спыняла наркотыкі і мігрантаў». «Цяпер будзеце самі іх есці і лавіць», — звярнуўся ён завочна да краін ЕС.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула