У лідара Партыі БНФ Рыгора Кастусёва — каранавірус
Адвакатка Інэса Аленская не змагла сустрэцца з лідарам партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым, які з вясны знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Напярэдадні яна спрабавала ўбачыць свайго падабароннага, аднак ёй адмовілі ў сустрэчы, паведамляе БелаПАН.
Адвакатцы патлумачылі, што сустрэча немагчымая, бо ў Кастусёва каранавірус. Аднак раней, нагадвае дачка палітыка, ім казалі, што, ужо знаходзячыся ў СІЗА, палітык атрымаў дзве дозы вакцыны супраць COVID-19.
Дачка палітыка Кацярына распавяла пра апошні ліст бацькі, які сям'я атрымала 25 жніўня. У ім ён піша, што пачуваецца дрэнна. У сярэдзіне ліпеня ў яго западозрылі анкалагічнае захворванне. У жніўні нарэшце звазілі на абследаванне, але пра вынікі родным не распавядаюць.
Раней сям'я «прасіла правесці ўсе неабходныя абследаванні і прыняць тэрміновыя меры па лячэнні бацькі». Але ім адказалі, што Кастусёў «атрымлівае поўны курс лячэння, прызначанага ў адпаведнасці з рэкамендацыямі дактароў-спецыялістаў».
Рыгор Кастусёў быў затрыманы 12 красавіка. Ён разам з Аляксандрам Фядутам і юрыстам з ЗША Юрыем Зянковічам стаў фігурантам крымінальнай справы аб «змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам».