БЕЛ Ł РУС

Сціплы размах і расійская квазі-база. Што трэба ведаць пра ваенныя вучэнні «Захад-2021» 

10.09.2021 / 08:32

Nashaniva.com

Пачаліся ваенныя вучэнні «Захад-2021», частка з якіх пройдзе на тэрыторыі Беларусі з асобнай легендай. Згодна з беларускай часткай легенды, знешнія сілы пасля няўдалай спробы змяніць палітычнае кіраўніцтва рэспублікі «Палессе», за якой хаваецца Беларусь, прынялі рашэнне дабіцца мэты ваенным чынам. У абароне «Палессю» дапамаге «Паўночная Федэрацыя» — Расія. 

У вучэннях задзейнічана 12 800 салдатаў, з іх 2 500 з Расіі і 50 казахаў. Падчас першага этапу адбываецца адпрацоўка абароны, падчас другога — наступлення. 

Задзейнічана 350 адзінак бронетанкавай тэхнікі, у тым ліку 140 танкаў, 110 адзінак артылерыі і РЗСА, больш за 30 самалётаў і верталётаў. 

Калі апусціць тэхнічныя моманты і глянуць палітычна, то такога масштабу вучэнняў не было з савецкіх часоў — у момант кульмінацыі на ўсіх палігонах будзе 96 тысяч чалавек. Гэта шмат.

На ўрачыстым адкрыцці вучэнняў 9 верасня. Фота: «Ваяр».

Беларуская частка вучэнняў з аднаго боку лакальная і несур'ёзная ў агульным масштабе, яна перакрываецца падзеямі ў Расіі. Але, калі векапомную «Вейшнорыю» параўноўвалі з ДНР, то «Палессе» выпадае параўнаць хутчэй з самім Лукашэнкам. 

Вельмі актыўна ў анонсах вучэнняў падкрэслівалася нібыта ўзрослая пагроза ад НАТА — раней гэта было не так выразна. 

Але ваенны аглядальнік Аляксандр Алесін лічыць, што легенда вучэнняў не мае асаблівага значэння. 

«Гэта дэкарацыя, бо фактычна заўсёды адпрацоўваецца адное і тое ж: наступленне, абарона, барацьба з дыверсійнымі групамі праціўніка, знішчэнне браніраваных аб'ектаў», — кажа ён. 

Аналітык лічыць, што сёлетнія вучэнні мала чым адметныя і блякнуць на фоне нават леташняй актыўнасці. 

«Летась, падчас дэкларатыўна анты-тэрарыстычных вучэнняў «Славянскае братэрства — 2020» усё выглядала больш масштабна: летам у Беларусі высаджваліся аператыўна-тактычныя групы расійскіх дэсантных дывізій, у Беларусь перакідваліся дальнія бамбардзіроўшчыкі, стратэгічны бамбардзіроўшчык Ту-160 рабіў аблёт межаў. У Беларусі было 20 ваенна-транспартных самалётаў Расіі і да пяці тысяч расійскіх ваенных», — кажа Алесін. 

— Адзінае, на што можна звярнуць увагу — адпрацоўка па барацьбе з беспілотнікамі, гэта навеяна вопытам вайны ў Карабахе, дзе турэцкія «Байрактары» аказаліся сур'ёзным праціўнікамі для артылерыйскіх сістэм і тэхнікі. Таксама пашырана ўжыванне авіяцыі, гэта тэхнічныя адместнасці».

Алесін лічыць, што сёлета масштаб зменшаны спецыяльна. 

«Гэта дастаткова руцінныя вучэнні, каб не абвастраць тут сітуацыю. З іншага боку мяжы буйныя кантынгенты — авіяцыя лётае з убраеннямі на борце. Наўрадці ў Беларусі хтосьці хоча, каб здарыўся сапраўдны інцыдэнт. Таму асноўныя падзеі разгорнуцца на палігонах Расіі — прымяненне тактычных ракет, рэактыўных сістэм вялікай далёкасці, запуск крылатых ракет і ракет марскога базіравання», — кажа ён. 

Імавернасць таго, што пяхотныя расійскія войскі застануцца ў Беларусі, ён лічыць мізэрнай. 

«Я сачу за беларуска-расійскімі вучэннямі з 2009-га і кожны раз гэты матыў гучыць. У засцярогі патрыятычнай беларускай публікі смалы падліваюць расіяне, бо адначасова з вучэннямі ў расійскай прэсе з'яўляюцца заклікі, маўляў: добра было б пакінуць там свае войскі, бо і Лукашэнка нерашучы ў пытаннях інтэграцыі, і Захад нарошчвае ваенную прысутнасць, вось пакінем войскі, а там і Лукашэнка вызначыцца з інтэграцыяй.

Але я лічу так: Расія прэтэндуе на ўзмацненне свайго ўплыву ва ўсіх былых саюзных рэспубліках, а не толькі Беларусі. За дужкамі хіба што краіны Балтыі і Украіна.

Каб не напалохаць Казахстан, Узбекістан і Туркменістан, якія маюць важнае стратэгічнае значэнне і сур'ёзныя ваенныя сілы, Расія вымушана асцярожна сябе паводзіць на беларускім кірунку, іначай з раптоўнай інкарпарацыяй Беларусі на яе планах уплыву ў Сярэдняй Азіі будзе пастаўлены крыж. Я думаю, гэты працэс «інтэграцыі» будзе мець доўгі і зацяжны характар, без такога элементу як прымусовае пакіданне войскаў», — кажа ён. 

Але ў гэты ж момант адбылася трывожная падзея: у Беларусь нібыта для працы ў фармаце аб'яднанага вучэбнага цэнтра прыбылі расійскія самалёты і ракетны комплекс С-400. Уся тэхніка кіруецца расіянамі. 

Аналітыкі лічаць, што гэта можна лічыць з'яўленнем расійскай ваеннай квазі-базы на тэрыторыі Беларусі. 

«Сёння стала ясна, што расійская ваенная прысутнасць баявых часцей у Беларусі фіналізавалася», — піша аглядальнік Ягор Лебядок, каментуючы з'яўленне С-400. 

«Наяўнасць С-400 — гэта і спосаб далейшага пашырэння прысутнасці. Можна, напрыклад, як у выпадку з расійскім вузлом сувязі ў Вілейцы — узмацніць комплексамі РЭБ. Далей, для забеспячэння бяспекі ад дыверсійных груп можна даслаць роту аховы і гэтак далей. Зрэшты, як у выпадку з расійскімі ваеннымі аб'ектамі ў Кыргызстане ў 2017 годзе, магчыма аб'яднанне двух аб'ектаў у нас і вучэбна-баявых цэнтраў у адзіную расійскую базу. 

Дарэчы, ніколі не бачыў сэнсу з раздзяленні расійскіх ваенных аб'ектаў і ваенных баз — гэта фармалістыка для прававой публіцыстыкі, важная толькі сутнасць — знаходжанне расійскіх войскаў», — кажа ён і рэзюмуе, што цэнтры могуць быць звернуты ў залежнасці ад гандлю Лукашэнкі і Пуціна. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула