Палітзняволеную Наталлю Хершэ перавядуць у мужчынскую турму ў Магілёве
28.09.2021 / 16:40
Пра гэта Наталля Хершэ паведаміла ў лісце свайму брату.
Яшчэ 24 верасня суд Чыгуначнага раёна Гомеля разгледзеў справу «Аб пераводзе ў папраўчую ўстанову іншага тыпу і змяненні ўмоў рэжыму» палітзняволенай Наталлі Хершэ. Куды накіруюць жанчыну — дакладна не было вядома. І вось цяпер брат жанчыны даведаўся з ліста, што яе накіруюць у мужчынскую турму ў Магілёве.
Справа ў тым, што ў Беларусі няма асобных турмаў для жанчын.
«Наш крымінальна-працэсуальны кодэкс дапускае перавод з папраўчай калоніі ў турму на тэрмін не вышэйшы за тры гады. Паколькі Хершэ засталося адбываць менш, яна можа знаходзіцца ў турме да канца пакарання», — тлумачыў для «Нашай Нівы» юрыст Гары Паганяйла.
Па словах праваабаронцы Паўла Сапелкі, сітуацыя, калі асуджаную пераводзяць з калоніі ў турму, надзвычай рэдкая.
Як правіла, жанчыны знаходзяцца проста ў асобных камерах.
«Мужчыны-вязні амаль не кажуць, што ў турмах былі жанчыны. Гэтыя выпадкі станавіліся нам вядомыя як легенды: нехта чуў, што яны ёсць, называлі пару імёнаў. Афіцыйна статыстыкі не было. Калі не будзе жанчын у турме, то Наталля будзе фактычна ў адзіночцы», — каментуе Сапелка.