БЕЛ Ł РУС

Супраць канцлера Аўстрыі Курца пачата расследаванне па абвінавачванні ў хабарніцтве і службовых злачынствах. У офісе прайшоў вобшук

7.10.2021 / 09:41

Nashaniva.com

Супраць канцлера Аўстрыі Себасцьяна Курца пачата расследаванне па абвінавачванні ў хабарніцтве і службовых злачынствах. Пракуратура краіны падазрае, што кіраўнік урада і яшчэ некалькі яго набліжаных за дзяржаўныя грошы падкуплялі рэдакцыю аднаго з аўстрыйскіх таблоідаў, каб забяспечыць асвятленне сваёй палітычнай дзейнасці ў выгадным святле, піша Бі-бі-сі.

У офісе Курца, у штабе яго Аўстрыйскай народнай партыі (OeVP) у Вене, а таксама ў Міністэрстве фінансаў у сераду прайшлі вобшукі. Паводле звестак пракуратуры, расследаванне вядзецца супраць самога канцлера, а таксама супраць яшчэ дзевяці чалавек.

Паводле заявы пракурораў, сутнасць абвінавачванняў у тым, што ў 2016-2018 гадах «сродкі Міністэрства фінансаў былі выкарыстаныя для фінансавання часткова падтасаваных апытанняў грамадскай думкі, якія служылі выключна палітычным і партыйным інтарэсам». У прыватнасці, па версіі пракуратуры, урад купляў у выдання рэкламу ў абмен на размяшчэнне выгадных для партыі Курца публікацый.

У перыяд, аб якім ідзе гаворка, Курц узначаліў «Аўстрыйскую народную партыю» і прывёў яе да ўлады, калі яна стварыла кааліцыйны ўрад сумесна з крайне правай Партыяй свабоды.

У заяве пракуратуры не называецца выданне, у якім размяшчаліся гэтыя апытанні грамадскай думкі, але аўстрыйская прэса сцвярджае, што гаворка ідзе пра таблоід Osterreich. Холдынг, да якога належыць гэтая газета, у сераду заявіў, што не браў дзяржаўныя сродкі за рэкламу ў абмен на арганізацыю выгаднага для Курца апытання.

Сам Курц таксама кажа, што ні ў чым не вінаваты. «Я перакананы, што і гэтыя абвінавачванні апынуцца лжывымі», — сказана ў заяве канцлера. Кіраўнік урада настойвае, што тэкставыя паведамленні, якія пракуроры выкарыстоўваюць у якасці доказу яго віны, былі выдраныя з кантэксту.

Прадстаўнікі Аўстрыйскай народнай партыі лічаць, што пракуратура ставіцца да гэтай палітычнай сілы з прадузятасцю. Адзін з дэпутатаў OeVP заявіў, што расследаванне ініцыявалі «левыя ячэйкі» ў офісе пракурора.

Прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен назваў скандал «сур'ёзнай» падзеяй. Ён таксама заклікаў палітыкаў паважаць незалежнасць суда і пракуратуры і ўстрымацца ад абвінавачванняў у іх палітычнай прадузятасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула