Ва Украіне дазволілі прышчапляць ад кавіду дзяцей
Ва Украіне ўжо можна праводзіць прышчэпкі дзяцей ад каранавіруса. Гэтае рашэнне Міністэрства аховы здароўя прыняло яшчэ 13 кастрычніка. Але вядома пра яго стала толькі цяпер, піша Бі-бі-сі — Украіна.
Getty Images
Яшчэ раней ва Украіне дазволілі прышчэпкі ад COVID-19 дзецям з групы рызыкі. Гэта дзеці, якія маюць складаныя спадарожныя захворванні, аслаблены імунітэт, перажылі трансплантацыю.
Па стане на 26 кастрычніка першай дозай ад кавіду прышчапілі 13,5 тысяч украінскіх дзяцей ва ўзросце 12-17 гадоў. Прышчэпкі дзвюма дозамі атрымалі 9 тысяч дзяцей.
«Дэльта» варыянт віруса значна больш небяспечны для дзяцей, яны часцей маюць цяжкое цячэнне і трапляюць у бальніцу, таму прышчапляць іх трэба ў першую чаргу дзеля іх здароўя. Акрамя таго, дзеці інфікуюць дарослых — сваякоў, настаўнікаў, для якіх кавід можа быць смяротным», — кажа аб прышчэпках дзяцей Дар'я Дзмітрыеўская, сямейны доктар.
Вакцынацыю ад каранавіруса дзецям праводзяць у Вялікабрытаніі, ЗША, ЕС і яшчэ ў многіх краінах. З чэрвеня ад COVID-19 прышчапляюць дзяцей у Ізраілі.
За мінулыя суткі ва Украіне на COVID-19 захварэла амаль 1500 дзяцей. З часу пачатку пандэміі захварэлі дзясяткі тысяч дзяцей.