СААЗ: Пра смяротныя выпадкі пасля «амікрона» пакуль не паведамлялася
Смяротныя выпадкі пасля заражэння новым штамам каранавіруса «амікрон» пакуль не выяўленыя. Пра гэта паведаміла Сусветная арганізацыя аховы здароўя.
Паводле апошніх даных СААЗ, «амікрон» выявілі як мінімум у 38 краінах, але аб смяротных выпадках пакуль не паведамлялася. Апошнімі краінамі, якія пацвердзілі выпадкі новага каранавіруса, сталі ЗША і Аўстралія.
Разам з тым дырэктар СААЗ па надзвычайных сітуацыях Майкл Раян папярэдзіў, што могуць спатрэбіцца тыдні, каб вызначыць, наколькі заразны гэты варыянт каранавіруса, ці выклікае ён больш цяжкае захворванне і наколькі эфектыўныя супраць яго лекі і вакцыны.
«Мы збіраемся атрымаць адказы, якія патрэбныя ўсім», — сказаў Майкл Раян.