БЕЛ Ł РУС

CNN даведаўся пра «акно ў чатыры тыдні» для прадухілення атакі на Украіну

20.12.2021 / 09:12

Nashaniva.com

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн даручыў сваёй адміністрацыі зрабіць усё для прадухілення магчымага ўварвання Расіі ва Украіну і даў на гэта «акно ў чатыры тыдні», паведамляе CNN са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка.

Elizabeth Frantz / Reuters

Паводле яго слоў, Байдэн асцерагаецца паўтарэння памылак 2014 года, калі ЗША і Еўрасаюз былі заспетыя знянацку з-за далучэння Крыма. Таму ён даручыў памочнікам па нацбяспецы «выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты, каб паспрабаваць стрымаць прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна», піша РБК.

«Тое, што мы робім, вельмі прадумана», — сказаў суразмоўца CNN.

Як паведамляе CNN, ЗША пачалі рэагаваць на паведамленні аб планаванай Расіяй агрэсіі супраць Украіны восенню. У прыватнасці, кіраўнік ЦРУ Уільям Бэрнс прыязджаў у лістападзе ў Маскву, каб проста перасцерагчы Пуціна ад такіх дзеянняў, гаворыцца ў паведамленні. Аднак па меры таго як, па даных ЗША, Расія працягнула нарошчваць колькасць войскаў на мяжы з Украінай, Вашынгтон вырашыў перайсці ад «ціхай дыпламатыі» да публічных пагроз санкцыямі.

Высокапастаўленыя супрацоўнікі адміністрацыі Байдэна падкрэсліваюць, што магчымыя абмежаванні «выйдуць за рамкі» тых, што былі ўведзеныя супраць Расіі ў 2014 годзе, піша CNN. Тады меры былі накіраваныя на «стрымліванне сярэднетэрміновага і доўгатэрміновага развіцця канкрэтных расійскіх дзяржаўных кампаній шляхам абмежавання іх доступу да рынкаў капіталу і тэхналогій ЗША», паведаміў суразмоўца канала. Варыянты, якія адміністрацыя прапануе цяпер, «пацягнуць за сабой значныя выдаткі для расійскай эканомікі і іх фінансавай сістэмы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула