БЕЛ Ł РУС

Нацбанк сцвярджае, што пік інфляцыі мы прайшлі летам-восенню

10.02.2022 / 14:50

Nashaniva.com

Па выніках мінулага года Беларусь перажыла інфляцыю, якая моцна перавысіла рамкі прагнозу: амаль 10% замест 5%. Такое ж нетраплянне ва Украіне, вялікая разбежка і ў астатніх суседзяў. На думку Нацбанка Беларусі, пікавыя значэнні тэмпаў росту цэн былі пройдзеныя летам-восенню. Апошнія некалькі месяцаў усё даражэе не так хутка, піша Onliner.by.

Нацбанк удакладняе, што безумоўнае дасягненне ўстаноўленага на 2021 год мэтавага параметра па інфляцыі на ўзроўні не большым за 5% прывяло б да эканамічнага спаду і негатыўна адбілася б на ўзроўні даходаў і занятасці.

«Па выніках года інфляцыя ў Рэспубліцы Беларусь склала 9,97%, амаль у два разы перавысіўшы мэтавы ўзровень. Аднак пры гэтым была захаваная пакупніцкая здольнасць даходаў насельніцтва. Ацэньваецца, што рэальныя наяўныя даходы насельніцтва па выніках 2021 года прыраслі амаль на 2%, рэальная заработная плата — больш чым на 4%», — паведаміў у дакладзе першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц.

Ён таксама адзначыў, што апошнія чатыры месяцы інфляцыя паступова запавольваецца, у снежні яе значэнне ў гадавым выражэнні склала 8,28%.

«Гэта дае падставу меркаваць, што пры адсутнасці новых шокаў стрымліваючы ўплыў захадаў макраэканамічнай палітыкі абумовіць далейшае паляпшэнне сітуацыі ў галіне коштавай стабільнасці», — сказаў на заканчэнне Калечыц.

У 2022 годзе запланаваны ўзровень росту цэнаў — да 6%.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула