Лукашэнка: Без Беларусі АДКБ не быць
Беларусь будзе падпісваць дакументы ў рамках АДКБ, калі яны выгадныя для краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе наведвання Мінскай вобласці 11 жніўня.
Беларусь будзе падпісваць дакументы ў рамках АДКБ, калі яны выгадныя для краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў ходзе наведвання Мінскай вобласці 11 жніўня.
«Што да старшынства або падпісання дакументаў, то гэта наша права, і мы абавязкова будзем падпісваць гэтыя дакументы, калі яны нам выгадныя. А там нічога кепскага для нас няма. І тое пагадненне па Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання, яно абсалютна рамачнае. У нас будуць часці, якія мы па агульным рашэнні калісьці можам накіраваць у той ці іншы пункт. Але калі я буду супраць — ніхто іх не накіруе. Калі Расія будзе супраць — іх войскі ніхто нікуды не накіруе», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у тым, што Беларусь пакуль не прыняла прапанову ўзяць на сябе функцыі старшыні АДКБ, «няма ніякага «выбрыку» або нейкіх непрыстойных паводзінаў з боку Беларусі адносна нашых саюзнікаў».
«У нас нармальная пазіцыя ў АДКБ. Усе разумеюць, што без Беларусі АДКБ не быць і не будзе. Таму ёсць нейкія хваляванні, што, ат, напэўна, беларусы ўжо адышлі ад гэтай палітыкі. Не. Інтэграцыя, нармальная інтэграцыя, мы ні з кім не хочам сварыцца. Мы хочам быць у міры і дружбе і з Захадам, і з Усходам», — заявіў Лукашэнка.
Беларускі кіраўнік адхіліў меркаванні, што на нефармальным саміце АДКБ у Кыргызстане на яго аказваўся націск з мэтай падпісаць пагадненне аб стварэнні КСАР.
«На мяне немагчыма націснуць. Калі ты паспрабуеш мяне прыціснуць, то атрымаеш абавязкова зваротны эфект, — заявіў Лукашэнка. — Скажу вам шчыра: былі спробы задаць мне пытанне (я не буду называць прозвішчы, самі зразумееце). Ці падпіша Беларусь дакумент па стварэнні Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ? Адказ прамы: гэта наша пытанне, я сказаў, гэта маё пытанне, і я вырашу, калі і што падпісваць. Ці прыме Беларусь старшынства ў АДКБ, бо Масква там выконвае пакуль… І гэтае рашэнне будзе за мной. Кароткі быў адказ. І адразу ж я патлумачыў: тое, што я не прыехаў у Маскву на АДКБ, гэта ні ў якім выпадку не адносіцца да таго, што мы супраць нейкіх інтэграцыйных працэсаў, у тым ліку ў ваенна‑палітычнай сферы. Але задаю пытанне: скажыце, што я павінен абараняць у вас, у вас, у вас, за што павінны гінуць мае хлопцы, калі раптам?.. За што? За тое, што мяне ў Расію на рынак не пускаюць? За тое, што я не магу атрымаць энергарэсурсы з Казахстана, Таджыкістана, Расіі? За тое, што мне загінаюць шалёную цану? Нашы хлопцы павінны за гэта гінуць? Мёртвая цішыня».
«Абсалютна на мяне не спрабаваў ніхто націснуць, таму што ведаюць, чым гэта закончыцца, — падкрэсліў Лукашэнка. — Пытанні былі, гэта натуральна.
Ну і было маё жорсткае выступленне наконт таго, што калі мы збіраемся гінуць адзін за аднаго, то, хлопцы, давайце не будзем накатваць адзін на аднаго. Давайце не будзем наязджаць. Давайце будзем жыць, як у адной дзяржаве, як гэта ў Еўрасаюзе. І зразумелая тады сама структура НАТО, што яны ваююць адзін за аднаго. Там жа няма ні бар’ераў, ні межаў. Гэта выключана. Там моцныя дапамагаюць слабым. А у нас усё наадварот у гэтай сітуацыі».