Міністр абароны Украіны агучыў адзін са сцэнарыяў расійскай агрэсіі
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў агучыў сцэнарый расійскай агрэсіі. Ён заявіў, што ўзровень пагрозы высокі.
«Сярод іншых мы разглядалі сцэнарый, што РФ паспрабуе літаральна акружыць войскамі: ад Брэста да Таганрога, па сушы, на двух морах і ў часова акупаваным Крыме. І абазначыць актыўнасць у Прыднястроўі. Таксама чакалася, што РФ на фоне гэтага справакуе абвастрэнне на ўсходзе Украіны», — цытуе словы міністра «РБК-Украіна».
Міністр дадаў, што ўсё гэта будзе суправаджацца іншымі сродкамі ціску: кібератакамі, мініраваннямі цывільных аб'ектаў, спробамі зладзіць беспарадкі.
«Мэта гэтых дзеянняў — расхістаць Украіну знутры, каб мы змянілі палітычны курс і адмовіліся ад ЕС і NATO, а ўрэшце страцілі незалежнасць. Цяпер гэты сцэнарый спрабуюць увасобіць», — паведаміў ён.
Паводле яго слоў, ля межаў Украіны падраздзяленні РФ налічваюць 127 тысяч чалавек на зямлі, а з марскім і авіяцыйным кампанентамі — 147 тысяч.
«Мы не бачым адводу і не гаворым аб памяншэнні колькасці (вайскоўцаў). Тыя часткі, якія цяпер у руху, могуць вярнуць у папярэднія месцы або перакінуць на іншы ўчастак», — паведаміў Аляксей Рэзнікаў.