«Гэта не ганьба, гэта заканамернасць»
+ відэа галоў
Беларусь – Харватыя – 1:3. Штанге: «У гэтым раўндзе для нас усё скончылася».
Беларусь – Харватыя – 1:3. Штанге: «У гэтым раўндзе для нас усё скончылася».
Зборная Беларусі прайграла ў матчы адборачнага турніру да чэмпіянату свету зборнай Харватыі з лікам 1:3 і амаль пазбылася мараў пра другое месца ў групе.
Адзін з сектароў харвацкіх заўзятараў знаходзіўся па правую руку ад журналісцкай ложы. Кантынгент у ім быў самы розны. Маладыя людзі, грамадзяне сярэдняга веку, мужчыны, якім больш за 60, прыгожыя дзяўчаты. Беларускія заўзятары, што праходзілі міма тых дзяўчат, чамусьці лічылі за гонар акуратна дакрануцца да іх валасоў. Дзяўчаты чырванелі.
Гэты сектар вельмі жыва рэагаваў на ўсе падзеі, што папярэднічалі матчу, і што ішлі побач з ім. Спачатку яны жыва падпявалі беларускім народным песням, што аглушальна ліліся з дынамікаў, потым пачалі выгукваць свае крычалкі. Ужо падчас матчу весела перамаўляліся з беларускім фанацкім сектарам, што гукаў па-беларуску «Слава радзіме».
Харвацкія журналісты перад матчам з цікавасцю аглядалі ваколіцы. Адзін з карэспандэнтаў тлумачыў другому: а вось там, па левую руку, рэзідэнцыя прэзідэнта Лукашэнкі.
А наогул усе – і беларусы, і харваты – чакалі пачатку гульні, і кожны ад сваёй каманды перамогі, бо нічыя адназначна была на карысць украінцам, што затаіліся ў засадзе.
На жаль, для беларусаў больш-менш усё праяснілася на 22-й хвіліне, калі Івіца Оліч адкрыў лік. 0:1.
А потым цягам дзесяці хвілін вострыя моманты стварылі Ніка Краньчар і Праньіч. Беларусы агрызаліся, але чагосьці не хапала ў завяршэнні атак. Напрыклад, удару па варотах. А на 33-й хвіліне той жа Оліч («Баварыя» Мюнхен) ледзь не падвоіў лік. За нас заступілася штанга.
Была ясна, што харваты і не думаюць гуляць на ўтрыманне ліку, а наадварот паспрабуюць павялічыць яго. Самым прыкметным у першым тайме быў гулец «Тотэнхема» Лука Модрыч, дый капітан Дарыё Срна гнаў сваіх наперад. Нават не ён падганяў, а галоўны трэнер «палямынных» Славен Біліч, які выйшаў да броўкі ледзь не ад першай хвіліны.
Бернд Штанге падцягнуўся да броўкі толькі пасля прапушчанага голу.
Біліч актыўна жэстыкуляваў, падаваў мячыкі, нават спрабаваў прымаць мячы.
У другім тайме харваты павялічылі націск, што заканамерна прывёў да другога гола – на 69-й хвіліне вызначыўся форвард «Арсенала», ахарвачаны бразілец Эдуарду да Сілва.
Першыя беларускія заўзятары пацягнуліся да выхаду. Супрацьлегла сябе вялі харвацкія журналісты, якія вельмі экспрэсіўна рэагавалі на кожную атаку суайчыннікаў.
Што праўда, беларусы не склалі рукі, і здолелі скараціць лік – на 81-й хвіліне вызначыўся Дзмітры Верхаўцоў. Гэты быў адзіны ўдар па варотах у другім тайме. Адразу актывізаваўся беларускі фанацкі сектар, асабліва эмацыйна хварэлі салдацікі,
а таксама харвацкі.
Але праз дзве хвіліны госці забілі трэці мяч (зноў Оліч) – і беларускую заўзятарскую масу нібы прарвала, пачалі сыходзіць цэлымі шэрагамі.
Харваты тым часам не збіраліся спыняцца, а працягвалі ціснуць на вароты Юрыя Жаўнова, імкнучыся давесці лік да разгромнага. Дзякуй богу, не ўдалося. Што праўда, дало падставу Славену Білічу на пасля матчавай канферэнцыі заявіць, што другі тайм быў самай лепшай гульнёй зборнай Харватыі пад яго кіраўніцтвам.
***
На прэс-канферэнцыі Бернд Штанге выглядаў вельмі красамоўным, ён заявіў, што «зборная старалася, але нічога не атрымалася». Сёння перамог мацнейшы клуб – зборная Харватыі. «Нават тыя, хто сядзеў у гасцей на лаве запасных, куды мацнейшыя, чым беларуская зборная». Параза ад харватаў заканамерная, сказаў трэнер беларускай зборнай.
Таксама коўч беларусаў адзначыў, што не зусім былі гатовыя да гульні Глеб і Кутузаў.
«Гэта канец нашай кар’еры ў кваліфікацыі да чэмпіянату свету, трэба ставіць іншыя задачы», – сказаў галоўны трэнер зборнай Беларусі.
«Але мы не зганьбілі сябе, нам проста не хапіла класу і майстэрства».
Аднак сп. Штанге заявіў, што матчы з Харватыяй у гасцях, Украінай і Англіяй будзе гуляць той жа самы склад: г.зн. наймацнейшыя., толькі што без Кульчыя.
Ды лішні раз падкрэсліў, што большасць футбалістаў гасцей гуляюць у някепскіх клубах, тады як беларусы могуць пахваліцца толькі двума гульцамі, што выступаюць у Еўропе: Глебам і Кутузавым.
«Мы, маленькі сабачка, хацелі сёння пакусаць вялікага сабаку, – але гэтага нам не ўдалося», – рэзюмаваў ён, падкрэсліўшы, што харваты – 10-я каманда ў свеце, тады як беларусы боўтаюцца паміж 70 і 80-м месцам.
Славен Біліч выглядаў на прэс-канферэнцыі жахліва стомленым, нібы сам 90 хвілін адбегаў па полі. Ён адмовіўся крытыкаваць абаронцаў зборнай Беларусі, якія правалілі гульню, зазначыўшы, што лепш ён пахваліць сваіх форвардаў. Ды з гумарам паставіўся да прапановы ўзначаліць зборную Беларусі, зазначыўшы, што ў Мінску яму вельмі спадабалася, а прыём пераўзышоў усе чаканні.
***
Зборная Беларусі выступала ў наступным складзе: Жаўноў, Кульчы, Калачоў, Юрэвіч, Амельянчук, Карніленка (яго замяніў Радзівонаў, 70-я хвіліна), Глеб, Кутузаў (Блізнюк, 84), Кашэўскі (Ковель, 54), Сасноўскі, Верхаўцоў.
Харватыя: Рунье, Шымуніч, Крыжынац (Ракіціч, 46), Чарлука, Праньіч , Краньчар (Манджукіч, 66), Эдуарду да Сілва (Юрыч, 89), Модрыч, Срна, Вукоевіч, Оліч.
Турнірнае становішча: Англія – 21 (7 гульняў, 26—4), Харватыя – 14 (7, 15—7), Україна – 11 (6, 9—6), Беларусь – 9 (6, 15–10), Казахстан – 3 (7, 7—22), Андора – 0 (7, 2—25).
5 верасня зборная Беларусі згуляе з Харватыяй у гасцях, 9 верасня з Украінай дома, 10 кастрычніка – з Казахстанам дома, 14 кастрычніка – з Англіяй у гасцях.
У сераду зборная Англіі згуляла ўнічыю ў таварыскім матчы з Галандыяй – 2:2, а Украіна была біта ў Кіеве Турцыяй – 0:3.