Агенцтва Fitch панізіла крэдытны рэйтынг Беларусі да смеццевага
Рэйтынгавае агенцтва Fitch панізіла доўгатэрміновы суверэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, паведамляецца на сайце арганізацыі, піша Zerkalo.
Узровень ССС па шкале Fitch азначае: «істотная крэдытная рызыка. Вельмі нізкі запас трываласці. Рэальная магчымасць дэфолту».
Эксперты агенцтва адзначылі, што новыя санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Беларусі з-за ўдзелу ў расійскім уварванні ва Украіну, а таксама цесныя эканамічныя і фінансавыя сувязі з РФ, ствараюць істотныя рызыкі макрафінансавай стабільнасці і спараджаюць сумневы ў тым, што Беларусь зможа выканаць свае знешнія абавязацельствы.
Новыя санкцыі ЗША і ЕС закрываюць ранейшыя шчыліны. Акрамя таго, ёсць высокая рызыка далейшага ўзмацнення жорсткасці абмежаванняў. Агенцтва чакае зніжэння курсу беларускага рубля, а таксама скарачэнне эканамічнага росту.
«Аслабленне беларускага і расійскага рублёў будзе падсілкоўваць інфляцыю, якая з верасня 2021 года вымяраецца двухзначнымі лічбамі», — паведамляе Fitch.
Раней яшчэ адно рэйтынгавае агенцтва S&P панізіла крэдытны рэйтынг Беларусі да ўзроўню ССС.