Twitter выдаліў паведамленні расійскай амбасады пра авіяўдар па бальніцы ў Марыупалі
Сацыяльная сетка Twitter выдаліла паведамленні пасольства Расіі ў Вялікабрытаніі аб авіяўдары па дзіцячай бальніцы і радзільні ў Марыупалі за парушэнне правілаў аб адмаўленні гвалтоўных падзей.
У сераду ў выніку авіяўдару па радзільні і дзіцячай бальніцы ў горадзе загінулі тры чалавекі, сярод якіх адно дзіця.
«Мы прынялі меры адносна твітаў, паколькі яны парушалі правілы Twitter, у прыватнасці нашу палітыку наконт абразлівых паводзін, звязаных з адмаўленнем гвалтоўных падзей», — сказаў прадстаўнік Twitter.
У адным з твітаў расійская амбасада апублікавала малюнак з чырвоным надпісам «фэйк» і заявіла, што радзільня не функцыянавала і выкарыстоўвалася ўкраінскімі ўзброенымі сіламі.