БЕЛ Ł РУС

Расійская армія аказалася негатовай да маразоў ва Украіне, салдаты пакутуюць ад абмаражэння ног

25.03.2022 / 10:17

Nashaniva.com

Служба бяспекі Украіны апублікавала запісы праслухоўкі перамоваў расійскіх вайскоўцаў. Сярод іх ёсць размова, дзе адзін з суразмоўцаў распавядае, што палова яго байцоў, якія ваююць пад Мікалаевам, пакутуюць ад абмаражэння ног.

Пра такую праблему казалі і карыстальнікі Твітара з крыніцамі на Данбасе, і нават прадстаўнікі Пентагона. Фігурант праслухоўкі таксама скардзіцца, што байцам даводзіцца спаць у акопах, бо ў іх няма ні намётаў, ні печак-буржуек, паведаміла СІТ.

Крыніца, знаёмая з сітуацыяй на іншым кірунку ўварвання, пацвердзіла гэтую інфармацыю, дадаўшы, што ў адным са злучэнняў намётамі была забяспечаная толькі адна батальёна-тактычная група, а зімовае абмундзіраванне мелі ўсяго 20% складу, прычым часта набытае самімі кантрактнікамі за свой кошт. Пра недахоп зімовага абмундзіравання як прычыну абмаражэнняў казаў прадстаўнік Пентагона. Імаверна, што прычына — інстытуцыянальная карупцыя ў расійскім войску.

Разам з тым многія засумняваліся, што ва Украіне вясной можна атрымаць абмаражэнне. Аднак звесткі пра надвор'е ў Мікалаеве паказваюць, што ў сакавіку тэмпература рэгулярна апускалася істотна ніжэй за нуль. Гэта было цалкам прадказальна, бо яшчэ ў студзені ўкраінскія сіноптыкі абяцалі анамальна халодную вясну.

Магчыма, расійскія штабісты, якія адказвалі за планаванне аперацыі, альбо разлічвалі скончыць яе ў лічаныя дні, або не ўлічылі магчымай анамаліі надвор'я, або памылкова лічылі, што расійскія войскі ўкамплектаваныя зімовым абмундзіраваннем.

У такіх умовах улады расійскіх рэгіёнаў, напрыклад Валгаградскай вобласці, абвясцілі нават акцыі па зборы цёплых рэчаў для вайскоўцаў, якія ваююць ва Украіне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула