Байнэт папоўніўся беларускамоўнай крамай
«БелТонМедыя» зарэгістравала новую інтэрнэт‑краму. На беларускамоўным сайце prastora.by ужо зараз можна замовіць кнігі, музычныя дыскі, аўдыёкнігі, відэа ды іншыя беларускія тавары.
На гэты момант там прадстаўлена прадукцыя выдавецтваў «Логвінаў», «Колас», «Beltonmedia» і іншых, размешчана больш за сотню найменняў кніг і пяць дзесяткаў дыскаў з аўдыёкнігамі і музыкай. Тавары можна замовіць поштай і атрымаць цягам некалькіх дзён.
«Мы хочам разам пашыраць беларускую прастору, — адзначыў стваральнік інтэрнэт‑крамы, дырэктар «БелТонМедыя» Алесь Калоша. — Мы збіраемся далей працаваць над сайтам і будзем рады, калі карыстальнікі выкажуць нам сваю крытыку і парады. Пашырайма беларускую прастору разам!»
Дарэчы, лагатып для інтэрнэт крамы намаляваў мастак Уладзімір Цэслер.