«Трупы высцілаюць вуліцы дываном»: у Марыупалі загінулі не менш за 10 тысяч мірных жыхароў
Мэр блакаднага Марыупаля Вадзім Бойчанка паведаміў інфармацыйнаму агенцтву «Асашыэйтэд Прэс», што з пачатку вайны ў горадзе загінулі не менш за 10 тысяч мірных жыхароў.
«Трупы высцілаюць вуліцы дываном», — сказаў мэр у інтэрв'ю. Сам ён знаходзіцца не ў горадзе, яго месцазнаходжанне не раскрываецца, за выключэннем таго, што ён на тэрыторыі Украіны.
Мэр дадаў, што ў Марыупалі па-ранейшаму застаюцца прыкладна 120 тысяч мірных жыхароў, якім патрэбныя ежа, вада і лекі.
Бойчанка сказаў, што атрымаў паведамленні аб тым, што расіяне збіраюць целы і захоўваюць іх у халадзільніках у гандлёвым цэнтры.
Ён таксама распавёў пра мабільныя крэматорыі, якія былі заўважаныя ў горадзе.