БЕЛ Ł РУС

Вялікабрытанія падпісала са Швецыяй і Фінляндыяй абаронны пакт

11.05.2022 / 22:39

Nashaniva.com

Вялікабрытанія, акажа любую дапамогу, аж да ваеннай, Швецыі і Фінляндыі, якія цяпер разглядаюць магчымасць уступлення ў НАТА, калі яны падвергнуцца агрэсіі трэцяй краіны. Пра гэта гаворыцца ў дзвюх сумесных дэкларацыях, падпісаных у сераду брытанскім прэм'ерам у Стакгольме і затым у Хельсінкі, піша Бі-бі-сі. У тэксце дакументаў таксама пацвярджаецца агульная пазіцыя гэтых краін у кантэксце расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Борыс Джонсан і Магдалена Андэрсан. Фота: Getty Image

Брытанскі прэм'ер Борыс Джонсан і прэм'ер-міністр Швецыі Магдалена Андэрсан падпісалі дэкларацыю аб узаемадапамозе ў абароне на выпадак нападу.

«Калі б Швецыя падвергнулася нападу і звярнулася да нас за падтрымкай, мы б яе далі», — сказаў Джонсан журналістам на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Стакгольме.

У адпаведнасці з палітычнай дэкларацыяй салідарнасці, «калі якая-небудзь краіна пацерпіць ад стыхійнага бедства або нападу, Вялікабрытанія і Швецыя будуць дапамагаць адна адной рознымі спосабамі. Падтрымка будзе аказвацца па запыце пацярпелай краіны і можа ўключаць вайсковыя рэсурсы», — дадала Андэрсан.

Пазней у сераду Джонсан падпісаў аналагічную дэкларацыю ў Хельсінкі.

У найбліжэйшыя дні Швецыя і Фінляндыя павінны вырашыць, ці адмаўляцца ім ад дзесяцігоддзяў (а для Швецыі і стагоддзяў) вайсковага недалучэння і ўступаць у НАТА.

Пераасэнсаваць метады абароны абедзве краіны прымушае напад Расіі на Украіну. Чакаецца, што абедзве краіны ўступяць у НАТА.

Баючыся рэакцыі Расіі, якая выступае супраць любога пашырэння НАТА, дзве скандынаўскія краіны дамагаліся ад членаў НАТА гарантый бяспекі, што яны будуць абароненыя ў прамежкавы перыяд паміж падачай заяўкі і атрыманнем паўнапраўнага членства — што можа заняць да года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула