БЕЛ Ł РУС

Пуцін і 27 мільёнаў

1.09.2009 / 09:11

Барыс Тумар

«Бо ж тая вайна забрала жыццё 27 мільёнам маіх суайчыннікаў». Словы Пуціна каментуе Барыс Тумар.

Напярэдадні візіту ў Польшчы на 70‑годдзе пачатку вайны, у сваім артыкуле ў «Газэце выборчай» Пуцін напісаў: «Калі прэм’ер Польшчы спадар Дональд Туск накіраваў мне запрашэнне на ўрачыстасці, прысвечаныя гадавіне выбуху Другой сусветнай вайны, я прыняў яго без вагання. Папросту не мог зрабіць інакш. Бо ж тая вайна забрала жыццё 27 мільёнам маіх суайчыннікаў».

Калісьці ў сярэдзіне ХІХ стагодддзя праніклівы лідэр чэшскага нацыянальнага руху Гаўлічак заўважыў: расейцы любяць называць усё расейскае славянскім, каб пасля называць усё славянскае расейскім.

Нешта падобнае адбываецца цяпер з памяццю пра вайну. Расійская прапаганда выпячвае «супольнасць подзвігу», каб русіфікаваць гістарычную свядомасць народаў былога СССР.

У 27 мільёнаў гісторыкі ў часы Гарбачова ацэньвалі ахвяры рэспублік СССР у вайне. Усяго СССР, не Расіі. Называючы гэтыя 27 мільёнаў суайчыннікамі, Пуцін падае сябе ў ролі гаспадара ўсяго былога СССР. Сталін высцеліў дарогу да перамогі мільёнамі трупаў, аплаціў бяздарнасць свайго рэжыму крывёй. Пуцін працягвае выкарыстоўваць гэтыя ахвяры.

Дзякуй, не трэба. Спачатку з Расіяй разбярыцеся. А мы ўжо неяк самі. Без вас. Мы асобныя нацыі.

Гэтая лічба — 27 мільёнаў — гаворыць і пра тое, што ў сённяшняй Расіі многа трубадураў-паліттэхнолагаў, але мала гісторыкаў. Расія дасёння не злічыла дакладна сваіх стратаў. У гэтай лічбе Пуціна не толькі імперская непавага да самастойнасці суседніх нацый, але і абыякавасць — мільён туды, мільён сюды — да ўласных людзей, якія застаюцца толькі «чалавечым матэрыялам».

Не, гэта не дзялёж ахвяраў.

Гэта пытанне аб тым, як выпрацаваць такую гістарычную свядомасць, пры якой новая вайна ў цэнтры Еўропы стала б немагчымай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула