БЕЛ Ł РУС

Створым першы беларускі клас

1.09.2009 / 09:21

Nashaniva.com

Зварот «Таварыства беларускай школы».

Як вядома, жыццё развіваецца па спіралі, некаторыя падобныя праявы яго паўтараюцца праз пэўны перыяд. Мы цвёрда ўпэўнены ў тым, што новы віток адраджэнскага руху, які выведзе Беларусь на «пачэсны пасад між народамі», не за гарамі.

У 1993 годзе ў першых беларускамоўных класах навучалася 76% ад усіх першакласнікаў, а ў сталічнай вобласці нават – 92,6%. Тыя, хто навучаўся тады, ужо самі становяцца бацькамі і аддаюць сваіх дзяцей у дашкольныя ўстановы з беларускай мовай навучання і выхавання, першыя беларускія класы. Пра свой намер адкрыць новыя групы і класы заявілі праз СМІ нашы актывісты ў Мінску, Брэсце, Гродне, Магілёве, Лідзе.

У Мінску прымаюць заявы не сем адукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання, як пра гэта пісалі некаторыя газеты. Сёлета навучанне па-беларуску вялося ў 18-ці агульнаадукацыйных установах: гімназіях № 4, 9, 14, 23, 28, гімназіі-каледжы мастацтваў, СШ № 11, 60, 68, 72, 89, 108, 131, 180, 190, 205, 209, 218. Можна прадоўжыць і лік дашкольных устаноў сталіцы, акрамя названых у СМІ (№ 187, 234, 314, 412, 522, 534) , напрыклад, 533, 133 і інш.

Як паказвае досвед, поспех стварэння новых навучальных i выхаваўчых суполак у адукацыйных установах у большай ступенi залежыць ад актыўнасцi i прадпрымальнасцi зацiкаўленых бацькоў. Дык за справу! У сваю чаргу Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Таварыства беларускай школы» знойдзе магчымасць на пачатку навучальнага года маральна падтрымаць лепшых актывістаў, новыя беларускія класы і групы ў садах краіны.

Дасылайце iнфармацыю пра актывiстаў стварэння беларускiх класаў i груп у дашкольных установах на адрасы ТБШ (tbskoly@tut.by) цi тэлефануйце (8029-7520821) да 15верасня 2009 г.

Алесь Лозка, старшыня РГА «Таварыства беларускай школы»

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула