БЕЛ Ł РУС

Тры «не» Віктара Івашкевіча

4.09.2009 / 09:45

Nashaniva.com

Выбар на з’ездзе будзе рабіцца паміж прыхільнікамі розных тактык дзеяння ў 2010 годзе, і не больш.

5 верасня адбудзецца З’езд Партыі БНФ. На пасаду старшыні партыі прэтэндуюць прадстаўнікі двух пакаленняў і двух палітычных хаўрусаў. Гэта Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч.

Івашкевіч — дасведчаны палітычны баец. Ён прыйшоў у палітыку у 1980‑я, праз «Талаку». Ён належыць да суполкі, якая распачала змаганне за незалежнасць Беларусі. Тады гэта было звязана яшчэ з рызыкай для жыцця.

Янукевіч прыйшоў у палітычны рух на хвалі барацьбы за абарону незалежнасці ў сярэдзіне 90‑х. Гэты хлопец таксама не зломак: менавіта ён узначаліў «Малады фронт», калі пасадзілі Севярынца і існавала пагроза арышту проста за факт кіравання гэтай арганізацыяй. Іншы моцны бок Янукевіча — добрая БДЭУшная адукацыя, якая дае яму лепшае разуменне эканамічных працэсаў.

На сёння Івашкевіч застаецца верным сябром свайго талакоўска‑васьмідзесятніцкага пакалення (Баршчэўскі, Арлоў, Вячорка). З іншага боку, ён мае цесныя сувязі з групай яскравых палітыкаў‑адзінакоў і непартыйных дысідэнцкіх групаў («Хартыя‑97», Казулін, апошнім часам таксама Статкевіч).

Янукевіч не мае выразнае групоўкі ў заплеччы, але па гадах ён належыць да пакалення (Міхалевіч, Губарэвіч, Салаш), якое ў масе сваёй падтрымлівае Рух за Свабоду (РзС) Аляксандра Мілінкевіча.

Кола Івашкевіча бачыць у РзС і Мілінкевічу пагрозу самастойнаму статусу сваіх арганізацый і значэнню сваіх асобаў. Пакаленне Янукевіча бачыць у ім, наадварот, саюзніка і шанец на стварэнне нацыянал‑дэмакратычнай кааліцыі, больш уплывовай за цяперашнія разрозненыя групоўкі.

Вялікай розніцы ў поглядах між імі няма. Таму

выбар на з’ездзе будзе рабіцца паміж прыхільнікамі розных тактык дзеяння ў 2010 годзе, і не больш.

НН пазнаёміла з пазіцыяй Янукевіча. А вось перадз’ездаўская аргументацыя Віктара Івашкевіча, якую ён выклаў на сайце сваёй партыі. Падаём яе скарочана.

«Ці можа Партыя БНФ дзеля дасягненьня гэтых [змены курсу Беларусі — НН] мэтаў зрабіць стаўку на Аляксандра Мілінкевіча?

Я адказваю: не.

Бо Мілінкевіч і яго акружэньне сталі на шлях прыстасаванства да рэжыму і супрацоўніцтва зь ім. Лідэры «Руху за свабоду» заяўляюць, што перамагчы Лукашэнку немагчыма, трэба паступова яго ўцягваць у эўрапейскія праграмы супрацоўніцтва, што ў сваю чаргу, маўляў, гадоў праз 20 прывядзе да трансфармацыі «апошняй дыктатуры Эўропы» у «краіну, пераходную да дэмакратыі».

Ці можа Партыя БНФ перакласьці адказнасьць за будучыню Беларусі на Казуліна, Саньнікава, Шушкевіча ці Статкевіча?

Я адказваю: не.

Бо, пры ўсёй павазе да прынцыповай пазыцыі гэтых людзей, ведаю, што яны ня маюць неабходных структураў для збору 100 тыс. подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты.

Ці можа Партыя БНФ пагадзіцца быць на другіх ролях у перадвыбарчых штабах Калякіна, Лябедзькі, іншых?

Я адказваю: не.

Бо іхныя партыйныя структуры слабейшыя за нашыя. А аднаўленьне гульняў з Масквой нясе небясьпеку беларускай незалежнасьці.

Менавіта Партыя БНФ і яе лідэр Лявон Баршчэўскі абавязаныя ўзяць на сябе адказнасьць памяняць у бліжэйшы час рэжым асабістай улады Лукашэнкі і вывесьці Беларусь на цывілізаваны эўрапейскі шлях.

Што дзеля гэтага трэба зрабіць?

1. Вылучыць на зьездзе Партыі БНФ 5 верасьня Лявона Баршчэўскага кандыдатам у прэзыдэнты.

...

3. Пасьля агітацыйнай кампаніі ў верасьні – кастрычніку правесьці ў лістападзе Кангрэс працоўных калектываў, дзе прыняць патрабаваньні да Лукашэнкі аб сацыяльнай абароне людзей і аб правядзеньні выбараў паводле заканадаўчых нормаў, распрацаваных АДС.

...

5. У сакавіку 2010 г., калі прагназуецца абвастрэньне сацыяльна‑эканамічнага крызысу ў Беларусі, выйсьці на масавыя акцыі пратэсту з патрабаваньнямі сацыяльнай абароны і свабодных выбараў як адзінага шляху пераадоленьня крызысу.

6. У красавіку – траўні 2010 г. дамагчыся прызнаньня ўсімі дэмакратычнымі арганізацыямі Лявона Баршчэўскага адзіным кандыдатам у прэзыдэнты ад дэмакратычных сілаў.

...».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула