БЕЛ Ł РУС

Стала вядома, якая краіна перадасць Украіне процікарабельныя крылатыя ракеты «Гарпун». Гэта будзе Данія

23.05.2022 / 20:25

Nashaniva.com

Белы дом рэалізуе план разблакавання партоў Украіны. Амерыканцы накіроўваюць украінцам магутную супрацькарабельную зброю, якая дапаможа зняць расійскую блакаду ў Чорным моры, і збіраюцца гэта рабіць пры дапамозе Даніі. Сёння пра перадачу ракет праз датчан паведаміў міністр абароны ЗША Лойд Осцін. 

Ракеты «Гарпун», якія мяркуецца перадаць, маюць далёкасць 250 км і імі можна знішчаць расійскія караблі.

У Расіі ў Чорным моры прыкладна 20 караблёў і падводных лодак. Вайсковы эксперт з Інстытута Гудзона Браян Кларк думае, што пастаўкі ад 12 да 24 супрацькарабельных ракет, аналагічных «Гарпун», будзе дастаткова для зняцця блакады ўкраінскіх партоў. Ён мяркуе, што Масква спалохаецца і адвядзе караблі.

У Пентагоне таксама паведамілі, што Чэхія перадала Украіне верталёты агнявой падтрымкі, танкі і ракетныя сістэмы, а Славенія — некалькі дзясяткаў танкаў Т-72 югаслаўскай іх мадыфікацыі.

Варта адзначыць, што гэта ўсё яшчэ вельмі асцярожная дапамога: гэта пераважна ўзбраенні ўзораў 30—40-гадовай даўніны. Тым не менш, «Гарпуны», як мяркуецца, змусяць расійскі флот адысці ад Адэсы на некалькі соцень кіламетраў.

Увогуле ж міністр абароны ЗША заявіў, што ўжо 20 краін абвясцілі пра новыя пакеты дапамогі ў галіне бяспекі для Украіны.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула