Аршанца Антона Баброва асудзілі на два гады калоніі за абразу Лукашэнкі
У судзе Аршанскага раёна 30 мая вынесены прысуд мясцоваму жыхару Антону Баброву. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі згодна з ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса. Баброва пакаралі пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады, піша «Вясна».
Фота: «Радыё Рацыя»
Антона Баброва затрымалі да суда 21 сакавіка і змясцілі ў Віцебскі СІЗА.
Па матэрыялах абвінавачвання, Баброў у адным з тэлеграм-каналаў двойчы пакінуў абразлівыя каментарыі ў бок Лукашэнкі, якія лінгвістычная экспертыза палічыла ненарматыўнай формай маўленчага выказвання.
Сваю віну Антон Баброў у судзе прызнаў цалкам. Яго пакаралі пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на два гады.
Працэс прайшоў за адзін дзень. Справу разглядала суддзя Святлана Кузьмічонак.